Пачалося банкруцтва аднаго з найбуйнейшых вытворцаў рыбных прадуктаў Беларусі

Справу пра банкруцтва кампаніі «Белрыба» будзе разглядаць Эканамічны суд сталіцы.

Інфармацыю пра пачатак разгляду справы апублікавала прэс-служба Вярхоўнага суду Беларусі.

«Белрыба» працавала на беларускім рынку больш за 60 гадоў. Яно было адным з найбуйнейшых вытворцаў рыбнай прадукцыі, рыбных дэлікатэсаў, кансэрваў і прэсэрваў, а таксама імпартэрам марожанай рыбы і морапрадуктаў у краіне.

Гандлёвая сетка ААТ «Белрыба» ўключала ў сябе спэцыялізаваную краму ў Менску, сэкцыі ў найбуйнейшых гандлёвых пунктах сталіцы, а таксама фірмовыя крамы ў Слуцку, Салігорску і фірмовыя гандлёвыя павільёны, філіялы з складамі ў абласных цэнтрах, Полацку, Слуцку, Баранавічах, Барысаве.

Таксама прадпрыемствы мелі прадстаўніцтвы ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебскай вобласьці пракуратура выявіла дэфіцыт асноўных прадуктаў у крамах

Раней паведамлялі, што Эканамічны суд Менску ў жніўні разгледзіць справу аб банкруцтве УП «Мегапак». Гэтая фірма зьяўляецца правапераемнікам ТАА «Мегапак», якое працавала з 1997 году і было адным зь лідэраў на рынку ўпакоўкі.

Сярод іншых заўважных банкрунцтваў апошніх месяцаў — заняпад былога буйнога гульца фармацэўтычнага рынку Беларусі кампаніі «Фармін» і буйнога забудоўніка кампаніі «ГалоўІндустрыяБуд».

У лютым сёлета дырэктар Дэпартамэнту санацыі і банкруцтва Міністэрства эканомікі Юры Тараканаў паведаміў, што ў 2024 годзе эканамічныя суды Беларусі распачалі 1258 спраў аб неплатаздольнасьці і банкруцтве. Агулам колькасьць банкруцтваў летась перавысіла колькасьць падобных справаў у 2023 годзе на 41%.

Больш за палову спраў аб банкруцтве (58%) адкрываюцца судамі па ініцыятыве дзяржаўных органаў на стадыі, калі ў даўжніка ўжо адсутнічае маёмасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тут рабілі Pepsi і піва «Белавескае». Як улады «ратавалі» буйны піўны завод, які прайшоў банкруцтва і 6 гадоў «аздараўленьня»