Дзявяты запуск ракеты Ілана Маска скончыўся няўдачай, як і папярэдні

Старт ракеты Starship у Тэхасе 27 траўня

Заплянаваны пасьляпалётны выступ Ілана Маска не адбыўся.

У аўторак 27 сакавіка ракета Starship кампаніі SpaceX удала стартавала з пляцоўкі ў Тэхасе, прычым упершыню з дапамогай паўторна выкарыстанага паскаральніка, паведаміла Reuters.

Палёт трансьлявалі ў жывым эфіры.

122-мэтровая ракета праляцела далей, чым ракеты ў дзьвюх папярэдніх спробах. Усяго такіх спробаў за два гады ад старту выпрабаваньняў было дзевяць.

Паводле пляну, ракета мелася амаль цалкам абляцець Зямлю і прывадніцца ў Індыйскім акіяне. Інжынэры хацелі праверыць новыя канструкцыі плітак цеплавога экрану і палепшаныя закрылкі для кіраваньня ўваходам у атмасфэру і спускам на Зямлю.

Але пачаліся няўдачы. Паскаральнік замест кантраляванага прывадненьня упаў у мора, сувязь зь ім была страчана.

Ракета ж праз паўгадзіны пасьля запуску пачала некантралявана круціцца, увайшла ў атамасфэру і, як відаць, загарэлася і разбурылася над Індыйскім акіянам, піша AFP.

Заплянаванага пасьляпалётнага выступу Маска не было.

У сетцы X ён напісаў, што кампанія атрымала «шмат добрых зьвестак для аналізу», а наступныя запускі будуць адбывацца часьцей — раз на 3-4 тыдні.

З папярэдніх васьмі тэставых запускаў чатыры скончыліся выбухамі, у тым ліку папярэдні. Астатнія запускі мелі частковы посьпех або іншыя тыпы няўдач — без пацьверджаных выбухаў.

SpaceX заявіла, што Starship з кожным разам усё больш дасканаліцца, бо тысячы супрацоўнікаў кампаніі працуюць над стварэньнем ракеты, здольнай выводзіць на арбіту вялікія партыі спадарожнікаў, дастаўляць людзей на Месяц і нават на Марс.

NASA плянуе з дапамогай гэтай ракеты адправіць людзей на Месяц ужо ў 2027 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ілан Маск прадаў X сваёй жа кампаніі xAI за 33 мільярды даляраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вяртаньне на Месяц, скафандры ад Prada і інавацыі SpaceX. Што адбывалася ў сфэры касьмічных палётаў і дасьледаваньняў у 2024-м