Журналісты атрымалі доступ да сакрэтных плянаў расейскіх вайсковых ядзерных базаў

Шахта савецкай ядзернай ракеты. Архіўнае фота

Пляны сакрэтных расейскіх ядзерных аб’ектаў адкрыта публікаваліся ў расейскай тэндэрнай дакумэнтацыі. Іх сабралі расьсьледнікі.

Пра гэта гаворыцца ў сумесным матэрыяле дацкага расьсьледніцкага выданьня Danwatch і нямецкага часопіса Der Spiegel.

Журналістам удалося прааналізаваць больш за два мільёны дакумэнтаў тэндэраў і выявіць сярод іх сотні плянаў базы ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня ў горадзе Ясны Арэнбурскай вобласьці, паведамляе Расейская служба Радыё Свабода.

Дакумэнты раскрываюць унутранае расплянаваньне базаў у драбнюткіх дэталях, у тым ліку разьмяшчэньне шафаў для зброі і падземных тунэляў, якія злучаюць памяшканьні. Яны апісваюць, дзе салдаты ядуць, сьпяць і ходзяць у прыбіральню. У тэндэрах гаворыцца, дзе вайскоўцы адпачываюць і якое трэнавальнае абсталяваньне выкарыстоўваюць.

З 2020 году тэндэрная дакумэнтацыя вайскоўцаў не павінна разьмяшчацца ў публічным доступе. Аднак яе надалей разьмяшчаюць у інтэрнэце, гаворыцца ў расьсьледаваньні. Камэнтуючы гэты матэрыял, былы афіцэр брытанскай вайсковай выведкі называе выцек «сурʼёзным збоем у працэдурах». Паводле яго, дакумэнты патэнцыйна робяць вайсковыя базы ўразьлівымі для атак звонку.

Усяго Масква выкарыстоўвае для захоўваньня ядзернай зброі 11 абʼектаў на тэрыторыі краіны, гаворыцца ў матэрыяле Danwatch. За апошнія дзесяцігодзьдзі Расея пашырыла і мадэрнізавала большасьць іх. Звонку яны абароненыя комплекснымі сыстэмамі электроннага маніторынгу, дыстанцыйна кіраванымі кулямётамі і гранатамётамі, сучаснымі сродкамі супрацьпаветранай абароны.

Аднак унутраныя пляны такіх абʼектаў заўсёды былі асабліва ахоўваным сакрэтам — заходнія спэцыялісты мелі пляны такіх базаў толькі з 1960-х — 70-х гадоў. Цяпер журналісты апублікавалі як прыклад плян аднаго з паверхаў такой базы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Асіповічах разбудоўваюць інфраструктуру для расейскай ядзернай зброі? Спадарожнікавыя здымкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая вайсковая брыгада, узброеная «Іскандэрамі», падобна, фармуецца ў Беларусі. Спадарожнікавыя здымкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: у Беларусі няма расейскай ядзернай зброі