Беларускі фатограф Мішчук, якога абвінавацілі ў працы на КДБ, расказаў сваю вэрсію

Фатаграфіі з пашпартоў на імёны Івана Мішына і Івана Мішчука

Гэта ўжо ня першы скандал з «пашпартамі прыкрыцьця» ў беларусаў.

27 траўня выданьне «Наша Ніва» выпусьціла расьсьледаваньне пра беларускага фатографа ў Польшчы Івана Мішчука. У яго знайшоўся дзейны пашпарт прыкрыцьця на імя Івана Мішына. Цяпер сам Мішчук вырашыў патлумачыць сваю гісторыю на адным з форумаў польскіх фатографаў.

«Я ведаю, што вы чакаеце ад мяне інфармацыі. Мне патрэбны быў час сабраць факты, якія зьняпраўджваюць гэтую інфармацыю», — напісаў Мішчук.

Ён зьвяртае ўвагу на тое, што яго ўзрост у артыкуле спачатку быў пазначаны недакладна:

«У мяне няма другога пашпарту, я заехаў па сваім адзіным дакумэнце Івана Валер’евіча Мішчука, а ня нейкага Івана Мішына».

Выданьне, у сваю чаргу, падкрэсьлівае, што ніхто і не сьцьвярджае, быццам ён прыехаў у Польшчу як Мішын — гаворка пра тое, што ў Беларусі яму быў выдадзены пашпарт для выкананьня нейкага заданьня. Якога — невядома.

Фатограф тлумачыць, што ў падзеях 2020 году ня ўдзельнічаў, бо з 7 па 19 жніўня ляжаў у шпіталі з-за каранавірусу.

Таксама ён удакладняе тэхнічныя моманты:

«У паліцыяльнай школе ніколі не вучыўся. Я скончыў Варшаўскую Акадэмію фатаграфіі 24.06.22. Гуманітарная віза была выдадзена ўсяго на 3 месяцы — з 15.12.22 па 15.03.23, а не на год».

«У артыкуле гаворыцца, што мной зацікавіліся ў ByPol і перадалі інфармацыю ў офіс Ціханоўскай, але ў гэты ж час я атрымаў палітычны прытулак у Польшчы. Што супярэчыць таму, што я спэцагент. Калі адны нібыта знайшлі ў мяне другі пашпарт, іншыя далі абарону, бо я супраць рэжыму Лукашэнкі і я не нясу ніякіх пагрозаў», — напісаў Мішчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны»: сужэнцу журналісткі Сямашкі ўлады Беларусі выдалі два пашпарты на розныя імёны

Аднак атрыманьне палітычнага прытулку ня можа лічыцца аўтаматычным пацьверджаньнем недатычнасьці да беларускіх спэцслужбаў, заўважае «Наша ніва». Нядаўна была гучная гісторыя з былой беларускай журналісткай Натальляй Судлянковай, якая мела палітычны прытулак у Чэхіі і шмат гадоў працавала на расейскі ГРУ. Пасьля рашэньня Чэхіі аб высылцы яна выехала ў Маскву.

Мішчук таксама тлумачыць:

«На працу ў ABBA (Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой) не навязваўся, мяне запрасілі здымаць форум, як звычайны запыт, вы мяне разумееце, як ніхто іншы».

Ён адзначыў, што актыўна пісаў усім, бо шукаў працу і хацеў уладкуаваць жыцьцё ў Варшаве, каб перавезьці сям’ю ў бясьпечную краіну. Так патлумачыў сваю матывацыю фатограф.

Акрамя таго, Мішчук паведаміў, што зьвярнуўся па дапамогу да праваабарончага цэнтру «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая журналістка Натальля Судлянкова, якую ў Чэхіі абвінавацілі ў супрацы з ГРУ, выехала ў Расею