Ад выбуху загінуў віцэ-мэр Стаўрапалю, які ваяваў супраць Украіны

34-гадовы Заур Гурцыеў стаў віцэ-мэрам у верасьні 2024 году ў межах праграмы уладкаваньня на ўладныя пасады ўдзельнікаў вайны супраць Украіны

У ноч на 29 траўня ў расейскім Стаўрапалі ад выбуху ў двары жылога дому загінулі два чалавекі, у тым ліку першы намесьнік мэра гораду Заур Гурцыеў.

Ён стаў чыноўнікам у верасьні 2024 году ў межах праграмы «Час герояў», мэта якой — уладкоўваць на ўладныя пасады вэтэранаў уварваньня ва Ўкраіну .

Губэрнатар Стаўрапалю пацьвердзіў сьмерць Гурцыева. Паводле яго, разглядаюцца ўсе вэрсіі, у тым ліку замах з боку Ўкраіны, паведамляе Расейская служба Радыё Свабода.

Сьледчыя завялі крымінальную справу за «забойства дзьвюх і больш асобаў агульнанебясьпечным спосабам».

Маёр Заур Гурцыеў быў начальнікам штабу баявога кіраваньня авіяцыяй. Ён адказваў за паветраную частку захопу Марыюпалю, гаворыцца на сайце праграмы «Час герояў».

Паведамляюць, што ён удасканаліў тэхналёгію навядзеньня ракет, што «дазволіла ў разы павялічыць іх дакладнасьць і эфэктыўнасьць». Мае некалькі дзяржаўных узнагародаў.

У Марыюпалі былі разбураныя сотні жылых дамоў і цывільных аб’ектаў. Расею ня раз абвінавачвалі ў авіяўдарах без разбору. Масква адпрэчвала гэтыя абвінавачаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Падмаскоўі ў выніку падрыву аўтамабіля загінуў генэрал Маскалік з Генэральнага штабу Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве ад выбуху загінуў начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай, і біялягічнай абароны Расеі