Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява Хрэніна — жэст добрай волі? З чым гэта зьвязана — аналіз Валера Карбалевіча


Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, архіўнае фота
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, архіўнае фота

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы міністраў абароны АДКБ у Бішкеку выступіў з гучнай заявай, якая, відавочна, мела на мэце выклікаць палітычны эфэкт.

«Мы прынялі рашэньне аб зьніжэньні парамэтраў вучэньня „Захад-2025“ і пераносе яго асноўных манэўраў углыб тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад заходніх межаў», — заявіў ён. Што б значыў такі рытарычны выбух міралюбства?

Сьцісла:

  • Сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2025» выклікаюць вялікі ажыятаж у палітычных колах, мэдыях, найперш суседніх краін, у Эўропе ўвогуле.
  • Усе добра памятаюць, чым скончыліся супольныя беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць» у 2022 годзе, пасьля якіх Расея пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку, з тэрыторыі Беларусі.
  • Заява Хрэніна відавочна скіравана на тое, каб неяк разрадзіць сытуацыю. Можна меркаваць, што намер зьняць напружаньне ў зьвязку з вучэньнямі — гэта сумеснае рашэньне Масквы і Менску.
  • У зьвязку з абмеркаваньнем пытаньня пра перамовы аб спыненьні вайны ва Ўкраіне, замірэньні, Пуцін імкнецца паказаць сябе «голубам міру».

Справа ў тым, што тэма сумесных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2025» выклікае вялікі ажыятаж у палітычных колах, мэдыях, найперш суседніх краін (Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі), у Эўропе ўвогуле. Вучэньні плянавыя, пра іх даўно вядома, яны пройдуць у верасьні. Але суседзяў насьцярожваюць тры моманты.

Найперш, паводле заявы міністра абароны Расеі Андрэя Белавусава, у задуме вучэньняў «Захад-2025» улічаныя сучасныя пагрозы для бясьпекі Расеі і Беларусі з боку НАТО, а таксама «становішча, якое складаецца ў зоне Спэцыяльнай вайсковай апэрацыі». То бок расейскі міністар наўпрост зьвязвае гэтыя манэўры з вайной ва Ўкраіне. Што б гэта магло значыць на практыцы?

Сёньня Беларусь знаходзіцца ў міжнародным парадку дня менавіта ў зьвязку з вучэньнямі «Захад-2025»

Па-другое, у вучэньнях прыме ўдзел звыш 13 тысяч вайскоўцаў. У адпаведнасьці з Венскім дакумэнтам аб мерах даверу і бясьпецы, пры такой колькасьці ўдзельнікаў патрэбна запрашаць міжнародных назіральнікаў. Аднак, паводле інфармацыі начальніка дэпартамэнту міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны Беларусі генэрал-маёра Валерыя Равенка, для назіраньня за манэўрамі запросяць прадстаўнікоў толькі «асобных краін — членаў НАТО». «Асобных» — гэта якіх? Можа будуць прадстаўнікі Вугоршчыны, якая вядома сваёй прарасейскай пазыцыяй? А вось суседзяў, якія гэтымі вучэньнямі найбольш заклапочаны, могуць і не запрасіць? Таму і ўзьнікае падазрэньне. Калі хаваюць ад тых, супраць каго скіраваны вучэньні паводле задумы (глядзіце заяву Белавусава), то значыць ёсьць, што хаваць.

Нарэшце, па-трэцяе, усе добра памятаюць, чым скончыліся супольныя беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць» у 2022 годзе, пасьля якіх Расея пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку, з тэрыторыі Беларусі.

Таму сёньня Беларусь знаходзіцца ў міжнародным парадку дня менавіта ў зьвязку з гэтымі вучэньнямі. Нават тэма палітвязьняў адыходзіць на другі плян. Ва ўсялякім разе да верасьня. І толькі потым, пасьля заканчэньня вучэньняў, усе трохі супакояцца.

Беларускія ўлады сваімі дзеяньнямі і рыторыкай дадаюць напружаньня ў адносінах з Захадам. Працягваецца мілітарысцкая ліхаманка. У пачатку лютага была аб’яўленая праверка баявой гатоўнасьці ўзброеных сіл. Нават з запасу прызвалі больш за пяць тысяч чалавек. Прайшло зусім мала часу, і 24 сакавіка Лукашэнка зноў даручыў правесьці праверку боегатоўнасьці войска з удзелам тэрытарыяльных войскаў. Прычым збор гэтых тэрытарыяльных падразьдзяленьняў праходзіў у Горадні, на мяжы з Польшчай і Літвой. Істотна павялічылася колькасьць атак мігрантаў на граніцы Беларусі з суседзямі. Інфармацыя пра запрашэньне ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў выклікала ў суседзяў асьцярогі, што яны ў вялікай колькасьці стануць прарывацца праз мяжу ў Эўропу.

У Беларусі працягваецца мілітарысцкая ліхаманка

Тут здарылася дзіўная гісторыя з 580 кг выбухоўкі, якую нібыта везьлі ў аўтобусе з Польшчы, зьбіраліся правезьці ў Расію. Варшава адмаўляе сам факт. А беларускія дзяржаўныя СМІ ўсяляк разьдзімалі гэтую тэму, казалі аб правакацыі, якую, нібыта, плянаваў польскі бок. Гэтае пытаньне нават абмяркоўвалі па тэлефоне Аляксандар Лукашэнка з Уладзімірам Пуціным.

Усе гэтыя падзеі выклікалі адпаведную нэгатыўную рэакцыю краін Захаду. У адказ Польшча выказала намер правесьці найбуйнейшыя за апошнія гады дывізіённыя манэўры.

Рэагуючы на асьцярогі ў Літве наконт выкарыстаньня вучэньняў дзеля прарыву «Сувалкскага калідору» сваё слова сказала Нямеччына. 22 траўня фэдэральны канцлер Фрыдрых Мэрц падчас візыту ў Вільню заявіў, што мы бярэм абарону ўсходняга флянгу НАТА ў свае рукі, разьмяшчаем танкавую брыгаду на літоўскай тэрыторыі.

На тле гэтага нагнятаньня напружанасьці і зьявілася заява Хрэніна. Відавочна яна скіравана на тое, каб неяк разрадзіць сытуацыю. Цікава, што заяву апублікавалі па-расейску і па-ангельску, што трохі незвычайна, яе распаўсюдзілі і па расейскіх інфармацыйных каналах. Узгаданы вышэй Валерый Равенка напісаў у сетцы X:

«Удакладненая задума вучэньня, у якой колькасьць удзельнікаў скарочана амаль удвая, была зацьверджана яшчэ ў красавіку».

Варта зьвярнуць увагу, што заява міністра абароны Беларусі зьявілася пасьля тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна 26 траўня. Можна меркаваць, што намер зьняць напружаньне ў зьвязку з вучэньнямі — гэта сумеснае рашэньне Масквы і Менску. Па шэрагу прычын.

Намер зьняць напружаньне ў зьвязку з вучэньнямі можа быць сумесным рашэньнем Масквы і Менску

Найперш, цяпер у Расеі няма ў рэзэрве шмат войск, каб дасылаць іх у Беларусь на вучэньні ў вялікай колькасьці. Бо ўсе занятыя на фронце вайны з Украінай. Расеі спатрэбілася нават дапамога паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.

У зьвязку з абмеркаваньнем пытаньня пра перамовы аб спыненьні вайны ва Ўкраіне, замірэньні, Пуцін не хацеў бы выглядаць «ястрабам», ён імкнецца паказаць сябе «голубам міру». І з Дональдам Трампам прэзыдэнту Расеі не варта цяпер сварыцца.

Акрамя таго, зьяўляецца шмат сьведчаньняў, што Расея хоча, каб перамовы аб міры прайшлі ў Беларусі. А дзеля гэтага патрэбна, каб гэтая краіна выглядала аазісам міру і бясьпекі, і не чыньнікам вайсковай пагрозы ў рэгіёне.

Паводле гэтых прычын і робяцца такія жэсты «добрай волі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG