Пяць год таму, 29 траўня 2020 года, у Горадні падчас збору подпісаў ў выніку правакацыі затрымалі блогера, аўтара папулярнага youtube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага. Незадоўга да гэтага ён заявіў аб сваіх прэзыдэнцкіх амбіцыях, але затрыманьне пазбавіла яго магчымасьці нават зарэгістравацца кандыдатам. Замест яго гэта зрабіла яго жонка — Сьвятлана Ціханоўская, якая пасьля ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах і, паводле дадзеных плятформы «Голас», абышла ў іх Лукашэнку.
Сяргей Ціханоўскі асуджаны на 19 гадоў і 6 месяцаў. Больш за 2 гады — у рэжыме інкамунікада, бяз сувязі з вонкавым сьветам.
Яго адвакатка Натальля Мацкевіч у вялікім інтэрвію Свабодзе распавядае пра тое, як абараняла Ціханоўскага, пакуль у кастрычніку 2021 году не была выключаная з Калегіі адвакатаў і пазбаўленая права на прафэсію.
Натальля Мацкевіч абараняла апанэнтаў Лукашэнкі — тых, каго рэжым жорстка пакараў і асудзіў на вялізныя тэрміны: Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марфу Рабкову, Мікалая Дзядка. Яна бачыла тое, што ўлады хаваюць. Яе аповед — не эмоцыі, а факты.
Глядзіце інтэрвію цалкам:
«А чаго яны ходзяць? Чаму толькі ў нядзелю і якія патрабаваньні?»
Натальля Мацкевіч адзначае, што пытаньне наведваньня адвакатаў — гэта пытаньне літаральна выжываньня зьняволенага, таму што чалавек ня можа быць у ізаляцыі, гэта вельмі цяжка. Таму яна і другі адвакат стараліся прыяжджаць да Сяргея Ціханоўскага два-тры разы на тыдзень. Акрамя працоўных момантаў расказвалі яму, што адбываецца ў Беларусі — адбываліся масавыя пратэсты.
«Вядома, яго гэта натхняла, калі ён бачыў, што вось у адну нядзелю выйшаў марш, у другую нядзелю выйшаў марш — і такая колькасьць людзей. І ён казаў: „Ну нічога сабе, якія ў нас людзі!“
Але ўжо пад восень Сяргей пытаўся: „А чаму, чаго яны ходзяць? Чаму толькі ў нядзелю? Якія ў іх патрабаваньні і зь якой мэтай?“
Наколькі я бачыла, я тлумачыла, што там няма лідэраў і гэта ўжо як масавы рух, які жыве сваім жыцьцём, і няма такога чалавека, які б растлумачыў ім, а чаго яны ходзяць і да чаго яны жадаюць прыйсьці. Ну вось па-рознаму было, але, вядома, ён ведаў усё», — адзначае Натальля.
Сустрэча ў СІЗА КДБ: «Я яму адразу выдаў: дзе Калесьнікава?»
10 кастрычніка 2020 году ў сьледчым ізалятары КДБ нечакана адбылася сустрэча Лукашэнкі з затрыманымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады і аб’яднанага штабу апазыцыі.
Размова доўжылася каля 5 гадзін, але гаварыў пераважна Лукашэнка. Вядома пра яе стала з прапагандысцкіх сюжэтаў на дзяржаўным ТБ, а таксама…з расповедаў Ціханоўскага сваім адвакатам.
«Па фатаздымках мы зразумелі, што Ціханоўскі там быў — і плюс да ўсяго ён патэлефанаваў Сьвятлане. Было відавочна, што адтуль, таму ў панядзелак я і Віктар Мацкевіч мы адразу ж паехалі да Сяргея Ціханоўскага.
Ён быў настолькі агаломшаны, што зайшоў, у масцы, і ў яго такія вялікія-вялікія вочы. Ён глядзіць і кажа: „Ну зусім! Слухайце!“. І вельмі падрабязна распавёў. І тое, што адбывалася, мы гэта ўсё добра запісалі».
Па словах Натальлі Мацкевіч, Ціханоўскі амаль нікога ня ведаў асабіста, а некаторых дык і ўвогуле прозьвішча ня чуў, як, напрыклад, Віталя Шклярава.
Але ён там апынуўся і хацеў выкарыстаць сытуацыю максымальна для сябе — як мага больш высьветліць у Лукашэнкі.
«Гэта тое, што мы бачылі потым, — пару кадраў, як ён з Лукашэнкам горача там спрачаецца і як ён настойліва гаворыць, як будзе адказваць. Хаця калі па ўсёй пяцігадзіннай размове прайсьціся, такіх момантаў было, можа быць, і няшмат».
«Я яму адразу выдаў: дзе Калесьнікава?» — пераказвае словы Ціханоўскага Натальля Мацкевіч.
Пасьля ён гучна спрабаваў высьветліць з Лукашэнкам, «чаму маю жонку вы абвесьцілі ў росшук і наагул чаму вы так паступілі з маёй жонкай?». І тут жа, як дзелавы чалавек, ён абураўся, што ён ня мае званкоў з жонкай, хоць яны і не дазволеныя ў сьледчым ізалятары. І тут жа спрабаваў атрымаць гэты званок ад Лукашэнкі. Ён яго і атрымаў.
«А ў астатнім, ён кажа, калі я ўжо пабачыў, што народу не падабаецца навокал, што ўсім страшна, што так ідзе — бо я яму [Лукашэнку] казаў, і ён мне таксама на павышаных танах адказваў — ну, я супакоіўся. Ну што я буду іх так там ужо нэрваваць, усіх, хто сядзіць за гэтым сталом, людзі баяцца». І пасьля ён нават руку падымаў, каб сказаць», — распавядае адвакатка.
У нейкі момант Сяргею сказалі: «Вы там, Ціханоўскі, цішэй з прэзыдэнтам размаўляйце». А ён сказаў: «А ў мяне свой прэзыдэнт, мая жонка прэзыдэнт».
«Гэтую сустрэчу з Лукашэнкам Ціханоўскі вельмі падрабязна занатоўваў, — распавядае Натальля Міцкевіч. — І ён пасьля пісаў гэта ў скаргах у Генэральную пракуратуру: Лукашэнка мне сказаў гэта, Лукашэнка мне сказаў гэта і гэта. А навошта ён гэта пісаў? Ён кажа: дык вось гэта і ёсьць палітычны матыў перасьледу. Што я тут сяджу не за злачынствы, а мне так сказаў Лукашэнка. Ён сказаў, што вы ж самі палезьлі. Калі вы ў гэта палезьлі, то, значыць, будзьце гатовыя, каб недзе прысесьці».
«Відаць, давядзецца яшчэ некалькі гадоў пасядзець»
«Калі мы ўбачылі гэтае абвінавачаньне, якое было напісана, скажам так мякка, мастацкім чынам — нейкая фантастычная аповесьць, і з яго не было зразумела, хто гэтыя людзі, якія там пералічылі… Мы разумелі, што Статкевіч, Севярынец ды іншыя, якія ўжо былі асуджаныя за масавыя беспарадкі. Але мы не разумелі, якое дачыненьне яны маюць да Ціханоўскага і як увогуле сьледзтва будуе гэтыя сувязі.
Але з набору артыкулаў было зразумела, што тэрмін будзе большым за 15 гадоў. На судовае разьбіральніцтва, што яно нешта зьменіць, канешне ж, не разьлічвалі.
Якое было стаўленьне да гэтага Сяргея? Ад надзеі на тое, што справа хутка спыніцца і ён можа выйсьці — да разуменьня, што давядзецца яшчэ пасядзець. Ён так і казаў: „Тады відаць, давядзецца яшчэ некалькі гадоў нам пасядзець».
Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
Форум