Украінская фэдэрацыя зьвярнулася да Міжнароднай фэдэрацыі дзюдо (IJF) з просьбай пракамэнтаваць інфармацыю пра допуск беларускіх спартоўцаў.
23 траўня IJF дала афіцыйны адказ украінскаму боку, пацьвердзіўшы рашэньне Выканаўчага камітэту пра допуск беларусаў да турніраў з выкарыстаньнем дзяржаўнай сымболікі, гэта значыць, чырвона-зялёнага сьцягу. У адказе пазначана, што «IJF адданая забесьпячэньню таго, каб спорт служыў плятформай дыялёгу, адзінства і разуменьня — будаўніцтва мастоў, а ня сьценаў».
«Кіруючыся ўказам Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны ад 26 ліпеня 2023 г. № 4435, Фэдэрацыя дзюдо Ўкраіны вымушаная прыняць рашэньне пра няўдзел афіцыйнай дэлегацыі зборнай каманды Ўкраіны ў дзюдо ў чэмпіянаце сьвету. Фэдэрацыя дзюдо Ўкраіны рашуча асуджае рашэньне Міжнароднай фэдэрацыі дзюдо і лічыць яго супярэчным базавым прынцыпам справядлівасьці, адказнасьці і салідарнасьці ва ўсясьветным спартовым руху.
Мы перакананыя, што ўдзел спартоўцаў з краін-агрэсараў пад дзяржаўнымі сымбалямі — гэта ня толькі палітычная сьлепата, але і зьнявага ахвяраў вайны і міжнароднага права. Фэдэрацыя дзюдо Ўкраіны і надалей будзе пасьлядоўна адстойваць пазыцыю, заснаваную на маральных каштоўнасьцях, свабодзе і годнасьці ўкраінскага народу», — гаворыцца ў заяве ўкраінскай фэдэрацыі.
Турнір пройдзе з 13 па 19 чэрвеня ў вугорскім Будапэшце.
У 2023 годзе IJF дазволіла расейцам і беларусам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах як нэўтральным атлетам.
Форум