Вырабленыя ў Эўропе самалёты даставілі ў Беларусь праз гамбійскую фірму-«пракладку». Журналісты Беларускай службы Радыё Свабода і беларускага расьсьледніцкага праекту «Бюро Мэдыя» разабраліся, як дваццацігадовыя лайнэры апынуліся ў Менску насуперак санкцыям і што зь імі цяпер адбываецца.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія», на якую ўжо некалькі год накладзеныя санкцыі Эўразьвязу і ЗША, рыхтуе да палётаў тры самалёты эўрапейскай вытворчасьці Airbus A330-200, завезеныя ў Беларусь 17 жніўня 2024 году. На той момант яны належалі гамбійскай кампаніі «Magic Air». Але паводле крыніцы з авіяцыйнай галіны, якую апыталі журналісты «Бюро Мэдыя», гэтыя самалёты ўжо атрымалі новыя рэгістрацыйныя нумары EW-587PD, EW-588PD и EW-589PD, дзе код «EW» абазначае прыналежнасьць паветранай машыны да Беларусі.
Адзін з самалётаў, перафарбаваны ў колеры «Белавія», трапіў на кадры відэасюжэту, зьнятага нядаўна ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». На відэа можна разгледзець рэгістрацыйны нумар EW-589PD. Яго заўважыла таксама выданьне Reform.news. Самалёт стаіць на паркоўцы перад Менскім заводам цывільнай авіяцыі № 407. У сярэдзіне лета мінулага году якраз тут адкрылі комплекс фарбаваньня паветраных суднаў.
«Такі глябальны праект не раэлізоўвалі апошнімі гадамі ні ў адной краіне сьвету. Мы пабудавалі ангар з комплексам высокатэхналягічнага абсталяваньня, які дазволіць выконваць фарбаваньне ўсіх відаў самалётаў», — заявіў тады генэральны дырэктар заводу Ўладзімер Пякарскі.
На адкрыцьці комплексу прагучала, што распрацоўваюцца праекты пабудовы тут таксама новых корпусаў, а таксама «на розных узроўнях» абмяркоўваюцца пэрспэктывы вырабу дэталяў для авіяцыйнай тэхнікі.
Як нам удалося высьветліць, з канца мінулага году беларускіх бортправаднікоў вучаць абслугоўваньню новых самалётаў Airbus, якія прыбылі ў Менск. Для гэтага стуардэсаў і стуардаў адпраўлялі на вучобу ў Маскву. У авіяпарку «Белавія» ніколі не было самалётаў Airbus, а вось расейскі «Аэрофлот» ужо даўно іх выкарыстоўвае.
У сацыяльных сетках нам удалося знайсьці шмат фатаздымкаў беларускіх бортправаднікоў з часу іх рыхтаваньня ў вучэбна-трэнавальным комплексе «Аэрофлота». На адным зь іх беларуская стуардэса стаіць якраз побач з макетам самалёта Airbus 330.
«Гэта я еду на рэйс зь першага спатканьня, ведаючы, што другога ня будзе. Затое цяпер ён ведае, чым Boeing адрозьніваецца ад Airbus», — напісала на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках іншая стуардэса, якая таксама праходзіла навучаньне ў трэнавальным комплесе «Аэрофлота».
З словах яшчэ адной крыніцы «Бюро Мэдыя» ў авіяцыйнай сфэры, «Белавія» разьлічвае да канца году запусьціць у эксплюатацыю пакуль што два самалёты з трох. Цяпер іх наладжваюць і прыводзяць у парадак, бо ў іх зношаны салён — самалётам больш за 20 гадоў.
«Усё зацягваецца яшчэ і таму, што „Белавія“ ніколі раней ня мела справаў з Airbus. Проста мець такія самалёты і падрыхтаваныя экіпажы недастаткова. Трэба падцягнуць адпаведным чынам і тэхнічны пэрсанал, рамонтную базу, бортправаднікоў. Бо, калі здарыцца няспраўнасьць ці спатрэбіцца нават плянавае тэхнічнае абслугоўваньне — усё стане. І гэта ж усё адбываецца ва ўмовах жосткіх санкцыяў. Акрамя таго, справу зацягвае купа бюракратычных працэдураў», — паведаміла крыніца.
Airbus A330-200 можа перавозіць ад 210 да 406 пасажыраў і выкарыстоўваецца для палётаў на далёкія дыстанцыі.
Незалежны авіяцыйны экспэрт Вадзім Лукашэвіч у камэнтары Свабодзе тлумачыць, што такога кшталту самалёты звычайна не выкарыстоўваюць для кароткіх пералётаў. Таму іхнымі рэйсамі могуць стаць, напрыклад, Менск — Пэкін, Менск — Шанхай, Менск — Дубай. Экспэрт адзначае, што бясьпека такіх пералётаў пад пытаньнем, бо для падтрыманьня працаздольнасьці паветраных суднаў ва ўмовах санкцыяў могуць выкарыстоўваць неарыгінальныя дэталі.
«Калі, напрыклад, ў Эміратах у гэтых самалётаў не было праблем з запаснымі часткамі, бо ў Дубаі добрая рамонтная база, там запасных частак на некалькі мільярдаў даляраў, то для Беларусі і для Расеі замена дэталяў — гэта праблема, і выкарыстоўваюцца кантрафактныя, — расказвае Вадзім Лукашэвіч. — Гэта варыянт абыходу санкцыяў. Гэта значыць, што доўга-доўга машына дзесьці боўталася і пасьля трапіла ў Беларусь. Што можна сказаць? Вытворца яе ня будзе абслугоўваць».
Як самалёты Airbus трапілі ў Беларусь?
Ад сьнежня 2021 году дзяржаўная авіякампанія «Белавія» знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, а з жніўня 2023 году — пад санкцыямі ЗША. Каб прыгнаць у Беларусь самалёты Airbus, выкарысталі схема абыходу санкцыяў з удзелам фірмы-„пракладкі».
Назіральнікі за самалётамі сфатаграфавалі гэтыя летакі, калі яны толькі прыляцелі ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» летась у жніўні. Як вынікае з паведамленьняў авіяаматараў, яны прыбылі з Каіру, Стамбулу і Маскату.
На іх заўважылі надпіс Onur Air і сінія хвасты з выявай пальмы. Гэта невыпадкова, бо пэўны час гэтыя самалёты выкарыстоўвала авіякампанія Saudi Arabian Airlines, чые паветраныя машыны маюць рыхтык такія сінія хвасты з пальмамі. У сакавіку 2020 году самалёты перадалі турэцкай авіякампаніі Onur Air, якая праз два гады аб’явіла пра банкруцтва. Ад сьнежня 2023 году ўсе тры самалёты належалі гамбійскай кампаніі Magic Air. Менавіта гэтая кампанія даставіла іх у Менск.
Гамбія не падпадае пад заходнія авіяцыйныя санкцыі і ня брала на сябе ніякіх абавязаньняў што да іх выкананьня, таму гэтая краіна ёсьць зручнай юрысдыкцыяй для абыходу абмежаваньняў. Раней, напрыклад, пэўныя караблі пад сьцягам Гамбіі выкарыстоўваліся ў якасьці «ценевага флёту» для экспарту расейскай нафты ў абыход санкцыяў.
Загадкавы Magic Air і прычым тут Сырыя
Дзякуючы журналістам-расьсьледнікам з OCCRP «Бюро Мэдыя» ўдалося даведацца, што асноўны ўладальнік кампаніі Magic Air з доляй 99% — ярданскі прадпрымальнік сырыйскага паходжаньня Тарэк Зіяд Абдэль Хамід Аль-Аджамі (Tareq Ziad Abdel Hamid Al Ajami).
Раней ён прыганяў самалёты Airbus для сырыйскай авіякампаніі Cham Wings, якая таксама мела праблемы з прычыны ўведзеных санкцыяў. У часы рэжыму Башара Асада гэтую авіякампанію выкарыстоўвалі для перавозкі сырыйскіх наймітаў, гандлю зброяй, наркатрафіку і адмываньня грошай. Акрамя таго, Cham Wings у канцы 2021 году трапіла пад эўрапейскія санкцыі, бо перавозіла ў Беларусь мігрантаў з Сырыі, якія хацелі нелегальна перасекчы мяжу з Эўрапейскім Зьвязам пры спрыяньні рэжыму Лукашэнкі.
Апроч таго, узгаданы намі прадпрымальнік Тарэк Зіяд Абдэль Хамід Аль-Аджамі ёсьць суўладальнікам альбанскай кампані Taja Holding. Зь яе карпаратыўных дакумэнтаў вядома, што ён нарадзіўся 10.11.1971 у Сырыі. У 2017 годзе Taja Holding набыла 49% у альбанскай кампаніі Albanian Airways. Нягледзячы на заяўленыя кампаніяй пляны злучыць сталіцу Альбаніі рэйсамі з усёй Эўропай, яна так і не зрабіла гэтага. У яе флёце значыўся толькі адзін лятак Airbus A320. З 2018 году ім карыстаецца сырыйская кампанія Cham Wings.
Тарэк Зіяд Абдэль Хамід Аль-Аджамі таксама быў суўладальнікам ярданскай кампаніі Queens Aviation. З лістапада 2023 па люты 2024 году гэтай кампаніі належаў лятак Airbus A320-200. Цяпер ім карыстаецца сырыйская кампанія Cham Wings. У Дамаск самалёт трапіў празь Менск.
Была яшчэ адна сувязь ярданскага прадпрымальніка з сырыйскай кампаніяй Cham Wings. У жніўні летась разам з трыма ўзгаданымі Airbus A330-200 гамбійская фірма Magic Air прыгнала ў менскі аэрапорт і адзін вузкафюзэляжны самалёт Airbus A320-200. Праз пару дзён, 23 жніўня 2024 году, гэты самалёт вылецеў у Дамаск. Сёньня ён належыць сырыйскай кампаніі Cham Wings, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ і ЗША. У кастрычніку 2024 году, незадоўга да падзеньня рэжыму Башара Асада, на самалёце Airbus A320-200 (YK-BAC) ў Менск прылятаў тагачасны кіраўнік сырыйскага МЗС.
Журналісты брытанскага агенцтва Reuters, якія таксама дасьледавалі гэтую тэму, атрымалі камэнтар ад дэпартамэнту цывільнай авіяцыі Гамбіі наконт самалётаў, што аказаліся ў Менску. З словаў службоўцаў, тры самалёты Airbus A330-200 былі зьнятыя з рэгістрацыі ў Гамбіі 19 жніўня 2024 году, праз два дні пасьля прыбыцьця ў Беларусь, нібыта таму, што Magic Air прадала іх кампаніі з ААЭ. Яе назву не паведамляюць. У эўрапейскай карпарацыі Airbus паведамілі Reuters, што строга выконваюць міжнародныя санкцыі, але ня маюць магчымасьці кантраляваць продаж ужываных самалётаў ці ўплываць на трэція краіны, якія парушаюць санкцыі.
Форум