Урад Латвіі разгледзеў і падтрымаў пададзеныя Міністэрствам транспарту папраўкі да Закону аб дзяржаўнай мяжы Латвійскай Рэспублікі, якія створаць праўныя асновы для ўводу электроннай сыстэмы папярэдняй рэгістрацыі і руху ў чарзе, а таксама сыстэмы кіраваньня працэсам перасячэньня мяжы і кантролю транспартных сродкаў, якія перасякаюць сухаземную мяжу.
Такім чынам усе аўтамабілі, якія ўяжджаюць у Латвію зь Беларусі і Расеі, павінны будуць папярэдне зарэгістравацца ў спэцыяльнай інфармацыйнай сыстэме. Пасьля ўхваленьня закону рэзэрвацыя электроннай чаргі будзе платнаю.
Пра гэта паведаміла прэс-служба латвійскага ўраду.
Міністар транспарту Латвіі Атыс Швінка адзначыў, што новаўвядзеньне будзе выгаднае як перавозьнікам, так і кіроўцам транспартных сродкаў, бо ім не давядзецца доўга стаяць у чарзе для перасячэньня мяжы.
Цяпер перасекчы мяжу Латвіі з боку Беларусі можна праз адзіны пункт пропуску «Грыгораўшчына» (з боку Латвіі «Патэрніекі»).
Якія яшчэ заканадаўчыя акты наконт Беларусі ўхвалілі ў Латвіі
Раней улады Латвіі абавязалі беларусаў без латвійскай візы ці ДНЖ за 48 гадзін да ўезду падаць пра сябе вялікі аб’ём інфармацыі, у тым ліку аб службе ў войску.
Таксама Латвія рыхтуецца забараніць беларусам працаваць на абʼектах крытычнай інфраструктуры і набываць нерухомасьць у краіне. Абʼекты крытычнай інфраструктуры — тыя, што выконваюць важныя грамадзкія функцыі, а таксама забесьпячэньне аховы здароўя, бясьпекі, эканамічнага і сацыяльнага дабрабыту людзей.
Раней улады Латвіі выступілі за забарону паездак у Беларусь і Расею тым, хто працуе ў дзяржаўнай адміністрацыі, дэпутатам і супрацоўнікам Саэймы (парлямэнту).
Апрача таго, грамадзяне Беларусі і Расеі, якія ўяжджаюць у Латвію з краін Шэнгенскай зоны, мецьмуць запоўніць адмысловую заяву пра знаходжаньне ў краіне. Гэта прадугледжана правілам, якое распрацоўвае Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі, заявіў у этэры латвійскай тэлевізіі міністар унутраных справаў краіны Рыхардc Козлаўскіс, піша Lsm.lv.