Легенда беларускіх пратэстаў Ніна Багінская нарадзілася 30 сьнежня 1946 году. Яе бацька інжынэр, маці — настаўніца пачатковых клясаў, якая вельмі добра шыла. Спачатку сям’я жыла ў доме барачнага тыпу, які пабудавалі палонныя немцы на Калінінградзкім завулку ў Менску. У канцы 1950-х бацьку Ніны Багінскай далі трохпакаёўку ў новай «сталінцы» на вуліцы Якуба Коласа. Там яна разам зь сям’ёй сына, унучкай і праўнукам жыве дагэтуль.
Любоў да ровараў
Гэтае захапленьне, з аднаго боку, стала фатальным і прывяло да трагедыі. А з другога — перарасло ў кранальную гісторыю каханьня. Маленькая Ніна ў пяць гадоў цяжка захварэла на кохлік. У яе была гарачка, у бяспамяцтве дзяўчынка стагнала: «Хачу ровар! Хачу катацца на ровары». І бацькам удалося купіць ужываны трохколавы ровар. Хворая дзяўчынка села на яго, паезьдзіла па кватэры і адразу пайшла на папраўку.
Пазьней бацькі падаравалі Ніне мару тагачасных падлеткаў — «Ластаўку» (падлеткавы ровар для дзяўчат, аналяг — «Орлёнок» для хлопчыкаў. — РС). У 8-й клясе яна захапілася роварнымі гонкамі, пайшла ў сэкцыю, дзе трэнэрам быў студэнт Інстытуту фізкультуры Анатоль Багінскі, які сур’ёзна займаўся яшчэ і канькабежным спортам. Анатоль быў атлетычнага складу, высокі, прыгожы, да таго ж разумны, прасунуты — прыносіў на трэнаваньні замежныя часопісы. Дзяўчаты шчыра захапляліся ім. Але трэнэрам ён быў строгім, тлумачыў, што спорт — гэта цяжкая праца, не дапускаў ніякіага флірту, усьмешак падчас трэнаваньняў. Ніна дасягнула посьпехаў у спорце — выступала за заводзкую каманду, удзельнічала ў спаборніцтвах на ўзроўні БССР і Савецкага Саюзу.
Пасьля заканчэньня 73-й менскай школы яна паступіла ў прэстыжны радыётэхнічны інстытут (МРТІ, цяпер гэта БДУІР), працягвала займацца роварным спортам.
У 19-гадовым узросьце дзяўчына трапіла ў страшную аварыю: на ровары сутыкнулася з аўтамабілем. У яе быў пералом споду чэрапа, выліў крыві ў мозг. Ніна перанесла складаную нэўрахірургічную апэрацыю. Спорт давялося пакінуць. Пасьля заканчэньня МРТІ, дзе атрымала спэцыяльнасьць мантажніка радыёапаратуры, працавала на радыёзаводзе.
Вучоба ва Ўкраіне, замужжа
Са спортам не атрымалася, і Ніна вырашыла зьдзейсьніць сваю дзіцячую мару — стаць геолягам. У 23 гады яна паступае ў Івана-Франкоўскі інстытут нафты і газу. На вакацыі прыяжджае ў Менск. Неяк зь сяброўкай яны наведалі свайго трэнэра, цёпла пагаварылі. Трэнэр запытаўся: чаму дагэтуль «птушкі не акальцаваныя»? Дзяўчаты жартам адказалі, маўляў, «ня можам раней за трэнэра, які халасты».
Ва Ўкраіне Ніна Багінская атрымала спэцыяльнасьць геоляга-выведніка нафтавых і газавых радовішчаў. Вярнулася ў Беларусь. Працавала ў Беларускім навукова-дасьледчым геолягавыведным інстытуце.
Выпадкова яна зноў сустрэла свайго трэнэра Анатоля Багінскага, які ня быў жанаты. Спачатку ён запрасіў былую выхаванку ў тэатар, потым прапанаваў руку і сэрца. У 29 гадоў Ніна выйшла замуж за Анатоля Багінскага, зь якім была знаёмая яшчэ з 8-й клясы. Анатоль быў старэйшы за яе на 13 гадоў. Ніна апавядала, што ўсе жанчыны ў яе сям’і — мама, сёстры — мужоў мелі старэйшых за сябе мінімум на 10 гадоў. У пары нарадзіліся двое дзяцей — Павал і Алеся.
«Анатоль спачатку спрабаваў мною „кіраваць“ як пэдагог. Але ён хутка зразумеў, што да чаго: я таксама магу быць камандзіршай. А наагул я пераканалася ў тым, што галоўны ў сям’і ня той, хто мужчына, а той, хто мудрэйшы», — узгадвала спадарыня Ніна ў адным з інтэрвію.
Анатоль Багінскі памёр у 74 гады ад цяжкага захворваньня. Сужэнцы пражылі разам больш за 30 гадоў.
120 гадоў, каб выплаціць штрафы
У акцыях пратэсту Ніна Багінская пачала браць удзел з 30 кастрычніка 1988 году, калі людзі сабраліся на мітынг-рэквіем на Дзяды, для разгону якога ўпершыню ў Беларусі сілавікі выкарысталі вадамёты і сьлезацечны газ.
Але вядомасьць прыйшла да Багінскай у 2011 годзе. Радыё Свабода праводзіла конкурс на найлепшае фота, на які чытачы даслалі каля 10 тысяч здымкаў. Пераможцам стала фота Яўгена Атцэцкага, на якім мініятурная фігура жанчыны ў цёмным паліто і капелюшы зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках стаіць насупраць ланцуга міліцыянтаў на прыступках каля катэдральнага сабору на Нямізе. Твару не відаць. У небе вецер ірве аблокі, сьцяг лунае высока над галовамі.
Пазьней гэты здымак быў перададзены ў Белы дом у Вашынгтоне, упрыгожваў ён і офіс Радыё Свабода ў Празе.
Колькасьць затрыманьняў Багінскай на акцыях пратэсту падлічыць цяжка. Узгадаем некалькі найбольш рэзанансавых.
1 жніўня 2014 году яе арыштавалі за спаленьне савецкага сьцяга каля будынку КДБ. «Гэта сьцяг, пад якім забівалі мільёны людзей, чынілі генацыд беларусаў. Я правяла сваю акцыю, бо ў гэты дзень ў 1937 годзе ў дворыку турмы-„Амэрыканкі» палілі кнігі нашых беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, якія мы ужо ніколі не прачытаем», — тлумачыла матывы сваёй акцыі Багінская. У 2015 годзе яе арыштавалі за акцыю памяці беларуса Міхася Жызьнеўскага, які загінуў у Кіеве на Эўрамайдане.
Пасьля падзеяў 25 сакавіка 2017 году, калі ў Менску адбыўся масавы «хапун» актывістаў, Багінская штодня выходзіла да будынку КДБ зь бел-чырвона-белым сьцягам і з плякатам «Свабоду народу».
Надоўга Багінскую не затрымлівалі — магчыма, праз салідны ўзрост і стан здароўя. Але яна стала рэкардсмэнкай у штрафах,
якія плаціць адмаўлялася. Таму грошы пачалі вылічваць з пэнсіі. Спачатку па 20%, а з кастрычніка 2017 году заканадаўства зьмянілася, і забіралі ўжо палову пэнсіі актывісткі.
У 2016 годзе судовыя выканаўцы сканфіскавалі з кватэры Багінскай пральную машыну і мікрахвалёўку, але літаральна за адзін дзень людзі сабралі ў інтэрнэце сродкі на новую тэхніку.
У тым жа 2016 годзе ўлады арыштавалі і выставілі на аўкцыён лецішча спадарыні Ніны і зямельны надзел.
Яго доўга ніхто не адважваўся купіць. Аднак у 2022 годзе участак Ніны Багінскай у Дамашанах прадалі на аўкцыёне ў залік аплаты штрафаў.
Ня раз штрафавалі Багінскую і за ўдзел у пратэстах 2020 году. Тады актывістка пажартавала, што штрафаў набегла ўжо на 16 тысяч даляраў, і каб іх сплаціць, ёй давядзецца жыць як мінімум да 120 гадоў.
У красавіку 2024 году за маленькі бел-чырвона-белы сьцяжок на вопратцы Ніну Багінскую аштрафавалі на 2 тысячы рублёў — судзьдзя Аляксандар Супічэнка палічыў гэта адзіночным пікетам.
«Я гуляю»
У жніўні 2020 году Ніна Багінская стала зоркай інтэрнэту. У сеціва трапіла відэа пра тое, як 13 жніўня байцы АМАПу ўстаюць на шляху жанчыны, якая традыцыйна прыйшла на акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам. Калі сілавікі паспрабавалі яе спыніць, Багінская цьвёрда вымавіла: «Я гуляю. Дыхаю паветрам». АМАПавец нават падтрымаў яе, калі жанчына спатыкнулася на прыступках.
Адразу ж зьявіліся каляжы, плякаты, значкі, футболкі з выявай Ніны Багінскай і подпісам «Я гуляю» — жанчына стала мастацкім вобразам і крыніцай натхненьня для многіх творцаў.
Калі ўнучка Багінскай Яна паказала ёй усё гэта (Ніна Багінская прынцыпова не карыстаецца мабільнікам, інтэрнэтам, не глядзіць тэлевізар. — РС), тая спачатку пакрыўдзілася: маўляў, «гэта ня мой сымбаль, я ў жыцьці працаголік і не люблю гуляць». Але потым зразумела, што гэты «мэм» часам можа яе абараніць.
У тым жа годзе Ніна Багінская стала ляўрэаткай прэміі «Людзі Свабоды — 2020». Беларуская служба Радыё Свабода штогод уручае гэтую ўзнагароду тым, хто «пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, сьвету».
Лукашэнкаў падман
20 кастрычніка 2020 году Аляксандар Лукашэнка публічна папрасіў сілавікоў не затрымліваць Ніну Багінскую. На вялікай нарадзе ён сказаў: «Вы глядзіце, толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў. Калі Ніну Багінскую забраць, апазыцыі ня будзе. Ня будзе каму хадзіць. Я памятаю яшчэ — жартам кажу — яна яшчэ ў службе бясьпекі Пазьняка працавала. Ну, малайчына, яна перакананы чалавек. Яе ні ў якім разе нельга прыбіраць з вуліцы, інакш дэкарацыі зьнікнуць», — казаў Лукашэнка.
«Я яму ня веру, ён выкручваецца і ня ведае, што сказаць», — так пракамэнтавала тую заяву Лукашэнкі сама Ніна Багінская.
І ужо літаральна праз два тыдні пасьля тае заявы — 5 лістапада 2020 году — у кватэры Ніны Багінскай зрабілі ператрус.
Нягледзячы на загад Лукашэнкі не чапаць Багінскую, яе надалей затрымліваюць і штрафуюць. Вось толькі адзін з прыкладаў. 31 сьнежня 2021 году, на наступны дзень пасьля 75-гадовага юбілею, Багінская выйшла на вуліцу з плякатам «Свабоду палітвязьням!» Жанчыну затрымалі, склалі пратакол, выклікалі хуткую дапамогу і адвезьлі ў РНПЦ псыхічнага здароўя.
«У „Навінках“ я ня першы раз, далі толькі паперку падпісаць, што я не адчуваю патрэбы ў лячэньні, што я псыхічна здаровы чалавек. Я села на 18-ы аўтобус і прыехала дахаты», — расказала Ніна Багінская.
Тады затрымалі і 43-гадовага сына Багінскай Паўла, новы 2022 год ён сустрэў у ЦІП на Акрэсьціна, а праз пару дзён яму прызначылі 12 дзён арышту.
Спадчына дзеда са Случчыны
У халодную пару Ніна Багінская ходзіць на акцыі ў элегантным чорным паліто з надпісам на сьпіне «Свабоду народу!»
Продкі Ніны родам са Случчыны. Пра гісторыю гэтага паліто ёй расказала бабуля. У 1920-я гады ў Беларусі зьявіліся адмысловыя крамы, якія па-расейску называліся «Торгсин» (Гандлёвы сындыкат, Усесаюзнае аб’яднаньне гандлю з іншаземцамі. — РС) — туды паступалі харчы, адзеньне, розныя іншыя замежныя тавары з Эўропы і нават з Амэрыкі. Дзед Ніны купіў у тым «Торгсине» ў 1923 годзе вельмі якасны ангельскі драп «з чыстай воўны» і пашыў з той тканіны паліто. Дзед насіў яго рэдка, толькі зімой, бо паліто дарагое. А бацька Ніны быў больш мажнай камплекцыі, паліто яму не пасавала, сыноў у яго не было, толькі дочкі. Паліто доўга ляжала ў дзедавым куфары.
У пачатку 1990-х, калі ў краіне быў дэфіцыт і нават зьявіліся карткі на харчы і прамысловыя тавары, спадарыня Ніна ўзгадала пра паліто і вырашыла яго перашыць для падрослага сына Паўла. Аддала ў атэлье «Чыпаліна». Але тады ў моладзі пачалася мода на зручнейшыя курткі. І ў 1996 годзе, калі Багінскую ўжо звольнілі з геолягавыведнага інстытуту і грошай на новае адзеньне не было, яна пачала насіць тое паліто сама — яно з натуральнай тканіны, вельмі ўтульнае і цёплае.
Ніна Рыгораўна прышыла на сьпіну таго паліто белую таблічку з чорным надпісам «Свабоду народу!» За гэты надпіс міліцыянты ня раз складалі на яе пратаколы, прызначалі штрафы, а саму таблічку бязьлітасна зрывалі. Але Багінская яе штораз аднаўляла. Яна кажа, што зрэжа надпіс толькі тады, калі зьменіцца ўлада.
Выхаваньне сілавікоў
Калі Ніну Багінскую затрымліваюць, яна заўсёды чытае лекцыі сілавікам. У дзень 100-годзьдзя незалежнасьці БНР, 25 сакавіка 2018 году, жанчыну прэвэнтыўна затрымалі каля плошчы Якуба Коласа, калі яна ішла на мітынг да Опэрнага тэатру. 9 гадзін ёй давялося прабыць ў міліцыі.
Ахоўвалі мініятурную жанчыну два падпалкоўнікі. Пасьля яна ўзгадвала, што ставіліся да яе паважліва, нават прапанавалі печыва і «чай». Спадарыня Ніна адказала, што «чай» ня п’е. Тады яны прапанавалі ўжо «гарбату». Спадарыня Ніна не маўчала, цягам некалькіх гадзін расказвала ім пра БНР, чытала вершы Ніла Гілевіча і нават засьпявала песьню «Чорная зграя топча Айчыну». Падпалкоўнікам сьпевы нібыта спадабалася, яны папрасілі пасьпяваць яшчэ. Але жанчына адказала, што сьпявае не для іх, а такім чынам «масажуе клеткі галаўнога мозгу, каб ня страціць прытомнасьць».
Ніна Багінская прымусіла міліцыянтаў адчыніць дзьверы і вакно, бо ёй душна, а была яна ў сваім легендарным паліто з ангельскага драпу, якому 100 гадоў, і катэгарычна адмаўлялася яго зьняць. Расказала ім, як улады забіраюць у яе палову пэнсіі на штрафы. Прачытала лекцыі і пра беларускую мову, і пра геалёгію — сваю асноўную спэцыяльнасьць.
На разьвітаньне падпалкоўнікі падзякавалі ёй за «добрую кампанію, за асьветніцкую працу» і паведамілі, што, маўляў, выратавалі яе ад затрыманьня, бо на плошчы Якуба Коласа тады ўсіх затрымалі.
Старонкі замежных глянцавых часопісаў
У верасьні 2020 году фатаздымкі Ніны Багінскай апублікаваў вядомы італьянскі глянцавы часопіс пра моду «Vogue». Там яе паказалі не як «заўзятую барацьбітку з рэжымам». У «Vogue» з подпісам «The mother of Belarusian revolution» гераіня мэму «Я гуляю» на чорна-белых здымках паўстае ў нечаканых абліччах: у яе руках няма сьцяга, спокойны погляд накіраваны наўпрост у камэру. На другім фота спадарыня Ніна ўва ўтульным хатнім інтэр’еры, дзе на сьценах шмат фатаздымкаў яе продкаў.
Аўтар здымкаў Іван Равяка апавядаў, што ён пажартаваў: маўляў, Ніна Багінская — «бабуля беларускай рэвалюцыі». Жанчына засмуцілася і спачатку адказала: «Гэта глупства». Калі фатограф запытаўся, што спадарыня Ніна хацела б перадаць беларусам, яна доўга думала і ўрэшце прамовіла:
«Я б дзьве рэчы перадала. Першае — што няможна быць шчасьлівым, калі чалавек ня вольны. За волю сваю змагацца трэба, за зямлю, за мову, за людзей нашых змагацца трэба. Зямля і людзі вольнымі павінны быць. І шчасьлівымі.
А другое — гэта прыроду нашу захоўваць трэба. Каб чыста было і добра. Мы ад прыроды пайшлі, мы яе і захоўваць павінны. І перадайце ў інтэрнэце, што я кахаю ўсiх».
У сьнежні 2020 году артыкул пра Ніну Багінскую апублікаваў нямецкі жаночы часопісе «Brigitte». Публікацыя ў навагоднім нумары называлася «У імя прыстойнасьці: бачаньне таго, як можна палепшыць сьвет». «Што рухае гэтай жанчынай?» — задаецца пытаньнем аўтар артыкулу. «Пачуцьцё справядлівасьці», — адказвае спадарыня Ніна.
«Кожная імпэрыя калі-небудзь распадаецца», — кажа гераіня. Сваё жыцьцё пасьля Лукашэнкі яна ўяўляе за ігрой на фартэпіяна, вязаньнем і парадкаваньнем кватэры і лецішча.
Усё павінна рабіць сама
У Ніны Багінскай, акрамя вышэйшай адукацыі, ёсьць яшчэ і дыплём швачкі-матарысткі другога разраду. Яна пашыла некалькі сотняў бел-чырвона-белых сьцягоў, якія на акцыях сілавікі брутальна адбіралі і зьнішчалі.
Таксама Ніна захапляецца тэхнікай лапікавага шыцьця patchwork, яна добра вяжа, пляце паясы. Усе свае прыгожыя строі, камізэлькі, швэдры з нацыянальным арнамэнтам стварае сама. Нягледзячы на тое, што Ніне ампутавалі дзьве фалянгі сярэдняга пальца на правай руцэ. Але жанчына прыстасавалася да нязручнасьцяў у працы правай рукой і нават знаходзіць у гэтым пазытыў: «Я спачатку моцна перажывала. А потым сказала сабе: так склаліся абставіны. Навучылася шыць і без таго пальца. Кажуць, што у сталым узросьце трэба вучыцца ўсё рабіць левай рукой, каб пазьбегнуць інсульту», — ці то жартам, ці то ўсур’ёз кажа спадарыня Ніна.
Улады ня ведаюць, як «насаліць» Багінскай. Часам атрымліваецца сьмешна: у 2022 годзе пажылой жанчыне забаранілі выяжджаць зь Беларусі, «наведваць казіно і гуляць у азартныя гульні». Таксама забаранілі «паляваць, кіраваць машынай і маламернымі суднамі, а апэратарам сувязі надаваць ёй паслугі інтэрнэту і мабільнай сувязі».
Форум