Літва, якая падала пазоў супраць Беларусі ў Міжнародны суд ААН у Гаазе, патрабуе больш за 200 мільёнаў эўра кампэнсацыі за мігранцкі крызіс, справакаваны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
Пра гэта агенцтву BNS паведаміла Міністэрства юстыцыі Літвы.
Паводле міністэрства, гэтая справа можа мець дачыненьне і да разгляду Эўрапейскім судом у правах чалавека (ЭСПЧ) у Страсбурзе спрэчак мігрантаў зь Літвой.
«У заяве Літоўскай Рэспублікі гаворыцца, што дзяржава запатрабуе кампэнсацыі, і пачатковыя ацэнкі шкоды складаюць больш за 200 мільёнаў эўра, вылучаных толькі на кіраваньне крызісам у рамках сыстэмы ўнутраных справаў. Разьлікі будуць перагледжаныя», — заявіла Міністэрства юстыцыі.
У сваім пазове ў Гааскі суд Літва сьцьвярджае, што такая страта з 2021 па 2023 год была нанесеная праз вымушаныя інвэстыцыі ў будаўніцтва фізычнага бар’еру, умацаваньне сыстэмаў памежнага назіраньня і разгортваньне на мяжы большай колькасьці пэрсаналу, чым калі-небудзь раней, выкліканыя дзеяньнямі Беларусі.
Як адзначылі ў міністэрстве, МКС разглядае міждзяржаўныя спрэчкі і вырашае пытаньні адказнасьці дзяржавы перад іншай дзяржавай за парушэньні міжнароднага права. Такім чынам, рашэньне гэтага суду ў першую чаргу накіравана на абарону законных інтарэсаў дзяржавы — боку спрэчкі і кампэнсацыю шкоды.
Паводле міністэрства, у цэлым працэс у МКС не ізаляваны ад іншых і можа паўплываць на ацэнку прадмету спрэчкі ў справах мігрантаў супраць Літвы, якія разглядае Страсбурскі суд.
Папярэдняя сувязь паміж судовымі працэсамі палягае на тым, што факты, устаноўленыя ў іншай справе, або тлумачэньне праўных актаў маюць юрыдычнае значэньне для судовага рашэньня ў разгляданай справе.
Паводле зьвестак міністэрства, ЭСПЧ цяпер разглядае сем асобных справаў супраць Літвы ў пытаньнях правоў мігрантаў.
У адказ на наплыў мігрантаў Літва зь лета 2021 году перастала прымаць нелегальных мігрантаў, загадваючы ім вярнуцца ў Беларусь. Гэтая практыка працягваецца і па сёньня.
Польшча разглядае магчымасьць далучэньня да пазову, піша BNS.
Літва падала на Беларусь у Міжнародны суд ААН у Гаазе, абвінаваціўшы рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў арганізацыі міграцыйнага крызісу, які парушае нормы міжнароднага права, паведаміла Міністэрства замежных справаў Літвы.
Паводле МЗС Літвы, пра датычнасьць Менску да сытуацыі сьведчыць той факт, што ў Беларусі павялічылі колькасьць авіярэйсаў з краін Блізкага Ўсходу і іншых рэгіёнаў, арганізавалі выдачу візаў і разьмяшчэньне мігрантаў.
Акрамя таго, па прыбыцьці ў Беларусь многія мігранты былі дастаўленыя да літоўскай мяжы беларускімі сіламі бясьпекі і вымушаны перасякаць яе нелегальна — часта ў небясьпечных і пагражальных для жыцьця ўмовах.
Паводле МЗС Літвы, памежныя службы Беларусі, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы аб супрацы, адмовіліся ўзаемадзейнічаць зь літоўскімі ведамствамі з мэтай спыніць незаконныя перасячэньні мяжы.
«Літва разглядае гэтыя дзеяньні як наўмысную спробу рэжыму ў Беларусі выкарыстоўваць міграцыю як сродак палітычнага ціску на Літву і Эўрапейскі Зьвяз — у адказ на іх падтрымку беларускай дэмакратыі і санкцыі за парушэньні правоў чалавека», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.
Патрабаваньні Літвы ўключаюць поўную кампэнсацыю нанесенай шкоды, у тым ліку выдаткі на будаўніцтва сьцяны. А таксама гарантыі таго, што дзеяньні, супярэчныя міжнароднаму праву, не паўторацца.
Паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, ад пачатку міграцыйнага крызісу літоўскія памежнікі перадухілілі 23,6 тысячы выпадкаў нелегальнага пранікненьня іншаземцаў у краіну зь Беларусі. Адны і тыя ж асобы спрабуюць незаконна перасекчы мяжу неаднаразова.
Летась Літва стала першай краінай, якая скарыстала сваё права ў межах Рымскага статуту і зьвярнулася ў Міжнародны крымінальны суд, каб расьсьледаваць злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя рэжымам у Беларусі.
Мігранцкі крызіс 2021-2025. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.