Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экстрэмізм» — значыць, любоў. Чаму закрываюць усё беларускае?


Нацыянальная сымболіка ў вокнах беларусаў. Восень 2020 году
Нацыянальная сымболіка ў вокнах беларусаў. Восень 2020 году

Улады ў Беларусі ўпарта ваююць супраць усяго беларускага, у тым ліку супраць ініцыятываў, што ніяк не зьвязаныя з палітыкай — адукацыйныя, прыродаахоўныя, выдавецкія — усё ідзе пад нож. У інтэлектуальным полі ўсялякі самастойны вычын глушыцца дашчэнту і на ягоным месцы запаноўвае пустата.

«Сваё любі да самазабыцьця»

На мове ўладаў усё гэта называецца экстрэмізмам, на чалавечай мове гэта — любоў, удзячнасьць, павага. Не ўпершыню ў гісторыі Беларусь стала краінай, зачышчанай ад публічных праяваў любові. Калісьці беларускі паэт Пятро Бітэль заклікаў: «Шануй чужое аж да пакланеньня, сваё любі да самазабыцьця». Але любіць не прымусіш загадам, таму ўсе 200 апошніх гадоў у нас вядзецца барацьба з самой здольнасьцю чалавека — любіць, быць удзячным, паважаць. Усё, здавалася б, настолькі проста і відавочна, што нават не патрабуе тлумачэньня. Адбываецца працэс псыхалягічнай кастрацыі чалавека, калі замест прыродных рысаў табе накідаюць хадульныя ўяўленьні нібыта ўнівэрсальнага, а насамрэч расейскага характару.

Беларусы асабліва працавітыя ў задаваньні адно аднаму дыхту

Людзі, вядома, розныя. Ня ўсе здольныя адчуваць любоў, удзячнасьць, павагу. Мабыць, найперш гэта залежыць ад выхаваньня. Вось чаму розныя народы звычайна крытычна ставяцца да саміх сябе і да сваіх суайчыньнікаў. Беларусы, наадварот, ва ўласных стэрэатыпах — «самыя добрыя, гасьцінныя, працавітыя». Асабліва працавітыя ў задаваньні адно аднаму дыхту і ў маханьні турэмнымі дручкамі, якімі выбіваюць з суайчыньнікаў любоў, удзячнасьць і павагу — усю гэтую «дурь», увесь гэты «экстрэмізм».

Ідзе барацьба супраць прыватнай чалавечай ініцыятывы, якая і ўзьнікае са здольнасьці любіць, быць удзячным, паважаць іншага.

Насамрэч усё вельмі проста. Калі гаворка ідзе пра любоў. І ўсё вельмі складана для іншых. Калі ты ня ўмееш любіць.

Калі беларус любіць усё беларускае (сваю мову, краявіды, дом і род), гэта, здавалася б, ня можа выклікаць пытаньняў. Наадварот, дзіўнавата, што беларус найперш любіць усё расейскае (малдаўскае, кітайскае…). Але ў турму ўлада садзіць першага. Прычына? Гэтая ўлада ня ведае любові, таму любіць не павінен і той, хто любоў ведае. А паколькі ён ня можа забараніць сабе любіць, застаецца такога зьнішчыць. Ён вораг не таму, што ведае любоў, а таму, што яе ня ведае ўлада.

Адсутнасьць сапраўдных выбараў пазбаўляе нацыю ад крытычнага погляду на сябе

У дэмакратыях гэты псыхалягічны канфлікт вырашаецца на выбарах, там умоўнага Азаронка ня выбера ніхто, бо рэальныя выбары мусяць быць заслонай ад непрыстойнасьці. У нас жа гэта паўтараецца зноў і зноў, і нават выбары (1994) не засьцерагаюць ад Азаронкаў. Адсутнасьць практыкі сапраўдных (не сфальшаваных) выбараў пазбаўляе нацыю ад крытычнага погляду на сябе, ад магчымасьці адэкватнай самаацэнкі і ад таго, каб быць крыніцаю ўлады, хоць так і напісана ў Канстытуцыі. Дый сама дзяржава страчвае адэкватнасьць і перастае быць прававой.

Крыху нетрывіяльных цытат

Віленскі маршалак Станіслаў Шумскі ўспамінаў пра 1831 год (Вільня, нагадаю, хоць і захопленая 30 гадоў перад тым Расеяй, 500 гадоў была для Беларусі фактычнай сталіцай):

«Хутка пасьля нашага вяртаньня ў Вільню Храпавіцкі быў зьняты з пасады, а на ягонае месца быў прызначаны генэрал Даўгарукі, тлусты здор, які піў і жор. Былі ў яго часам і свае добрыя бакі, аднак шмат злога ён зрабіў для Літвы. Бо ён першы паводле царскай задумы нас дэкаталізаваў, дэпалянізаваў, дэмаралізаваў і руйнаваў, быў ахвочы да раскошы і нашых кабет баламуціў, змушаў грамадзян хадзіць у царкву на афіцыйныя набажэнствы і ўсё больш уводзіў тую барбарскую мову».

Не магу не зьвярнуць увагі на гэты факт і не адзначыць Даўгарукага, як пачынальніка мэтанакіраванай русыфікацыі і праваславізацыі. Звычайна ролю піянэра ў гэтай справе прыпісваюць Мураўёву, але варта зьвярнуць увагу і на гэтага пэрсанажа, які ў пераважна ўніяцкай краіне гвалтам наварочваў народ на расейскае праваслаўе і расейскую мову. Між іншым, у Расеі ён сёньня лічыцца героем і важным дзяржаўным дзеячом, пра яго напісаныя кнігі. Тады як амаль пра ўсіх тутэйшых пэрсанажаў, сваіх герояў і дзяржаўнікаў многія беларусы ніколі нават і ня чулі. На жаль.

Ідзем далей.

Наступная цытата — з кнігі Н.Ланской «Обрусители», 1887 году:

«Атэстатаў ніякіх не патрабавалася: дастаткова было прыехаць з Расеі і заявіць сябе праваслаўным, каб атрымаць права на такія ільготы, правы і перавагі, якія ператвараліся ў сапраўдны рог дастатку. Можна таму ўявіць сабе, якая маса рознай дрэні навадніла сабой гэтыя няшчасныя 9 губэрняў! Які кантынгент ілжы, нізасьці, усялякіх падманаў, подкупаў, падробак і маральнага разбэшчваньня прынесла з сабою гэтая армія прагных ды хцівых, сасьмяглых ды драпежных! Як саранча, кінуліся яны на гатовыя месцы, імкнучыся захапіць усю тую прастору, якая была для іх гвалтоўным чынам ачышчаная; цырымоніцца не было патрэбы, і пад выглядам абрусеньня і прапаганды праваслаўя гэтыя заваёўнікі ставілі сабе такія мэты, якія ня мелі нічога агульнага ні з рэлігіяй, ні з маральнасьцю, ні нават з палітыкай рэальнага абрусеньня».

Максім Гарэцкі. «Дзьве душы». 1919 год:

«— Праўда, мне і з тым і з тым матывам аднолькава ўяўляецца тое трагічнае і нялепае для нас, адраджоных беларусаў, што чужыя для нас людзі, не заўважаючы на сабе яшчэ ня скінутай імі сваёй нацыянальнай прапітанасьці, прыйшлі да нас з інтэрнацыяналам толькі на вуснах, зь яго толькі фікцыяй у сваіх мазгох, і з фанатычнай безьміласэрнасьцю ўзяліся рабіць зь беларускай нацыі толькі гной на градкі для ўзрашчываньня сваёй фікцыі інтэрнацыяналу. О, будзь яны прокляты! — узварушоным голасам, з горам крыкнула яна. — Яны хочуць зрабіць адзнакі сваёй нацыянальнасьці інтэрнацыяналам для нас, — дык дзякуй за ласку… Можа, трапім увайсьці ў інтэрнацыянал як роўныя з усімі, бяз гэтай дадатковай формы разьвіцьця!»

Паэтка Натальля Арсеньнева згадвала, як у 1940 годзе разам з Максімам Танкам і Міхасём Машарам езьдзіла на сустрэчу зь сябрамі Саюзу пісьменьнікаў у Менск. «Кучар зрабіў Танку цікавую заўвагу, калі мы раз ішлі Савецкай вуліцай. Танк, вядома, як Танк, ішоў, сьмяяўся, голасна гаварыў па-беларуску, бо па-іншаму ён ці ўмеў». На што Кучар заўважыў: «Не гаварыце так голасна па-беларуску, у нас гэта не прынята».

У 1978 годзе Генадзя Бураўкіна прызначылі кіраўніком радыё і тэлебачаньня БССР. Ён пачаў беларусізацыю і, паміж іншым, спытаўся ў Машэрава наконт адкрыцьця беларускіх школ. Тады ў гарадах Беларусі не было ніводнае беларускае школы. На што Машэраў адказаў: а гэтага ты не чапай, за гэта мне ў Маскве галаву скруцяць.

Русыфікацыя заўсёды праводзілася ў Беларусі толькі гвалтам і падманам

Заўважу: усе гэтыя сюжэты — з прыходам да ўлады Лукашэнкі — сталі паўтарацца ў нашым жыцьці зноў. Зь іх відаць, што русыфікацыя заўсёды праводзілася ў Беларусі толькі гвалтам і падманам, што яе задачай было і ёсьць — вынішчэньне любові да свайго і замяшчэньне гэтай любові сурагатам расейшчыны, перарабленьне беларусаў на расейцаў, якімі яны ўсё ніяк ня стануць. Як у першым перапісе Расейскай імпэрыі 1897 году амаль 6 мільёнаў назвалі роднай мовай беларускую, так і сёньня 60 адсоткаў называюць беларускую роднай.

Прычына тут, відавочна, у невуцтве начальства, у няздольнасьці гэтых людзей любіць сваё і любіць у прынцыпе. Ці шмат вы згадаеце словаў Лукашэнкі і ягоных служкаў пра любоў, удзячнасьць і павагу да людзей?..

Беларускія адраджэнцы прычынаю абрусеньня называюць моцны гвалт з боку Расеі. З гэтым можна было б пагадзіцца, калі ня браць пад увагу, што русыфікацыяй беларусаў даўно займаюцца і самі беларусы. Што праўда, з тым самым посьпехам. Інакш кажучы, русыфікацыя — зусім ня той шлях, які мог бы спрыяць беларусам, а не заганяць іх на самае дно, дзе дабро ператвараецца ў зло.

«Ары, барануй, засявай»

Суседнія з намі краіны, якія разьвіваюцца і паўнавартасна існуюць як нацыі, маюць прававыя дэмакратычныя дзяржавы (да чаго імкнецца і Ўкраіна). І беларусы, якія ўцяклі туды ад Лукашэнкі, гэта пацьвердзяць. Прынамсі ў параўнаньні з сытуацыяй у Беларусі, дзе жыць яны ня могуць, а сытуацыя пагаршаецца, зноў і зноў даказваючы, што станоўчай альтэрнатывы быць самім сабой у грамадзтва няма. Калі няма любові ды ўдзячнасьці, усё перакульваецца і ператвараецца ў дзікунства. Калі мы не ўзвышаемся, не вырастаем, не становімся адметнымі, напоўненымі сокамі нашае спадчыны, нізкае існаваньне перамагае. Тады школы, таварыствы, прэса — усё «мяккае», творчае, добрае — закляймёнае як экстрэмізм. А ўсё «цьвёрдае», тупое і нязьменнае — падаецца як ідэалёгія «дыктатура наш брэнд» і шырокім патокам ліецца з кожнага праса.

Словам «экстрэмізм», якому няма тлумачэньня ў законах і якое можна разумець, як адхіленьне ад нормы, людзі ў судах і ў тэлевізары называюць любоў да Беларусі («Жыве Беларусь!» — экстрэмісцкі кліч), прыватную ініцыятыву, самую норму мірнага супольнага суіснаваньня, спрабуючы навязаць грамадзтву ў якасьці нормы адваротнае — «дзіцячую траўму Лукашэнкі».

Ніхто ў цывілізацыйным пляне не адкінуў беларусаў далей ад разьвітага сьвету так, як расейцы

Я кажу пра відавочныя рэчы: нічым не бліжэй і радней беларусам расейцы за іншых нашых суседзяў — латышоў, літоўцаў, палякаў ды ўкраінцаў. Пры тым за ўсю гісторыю ніхто не зрабіў беларусам больш балюча, чым расейцы. Ніхто ў цывілізацыйным пляне не адкінуў беларусаў далей ад разьвітага сьвету так, як расейцы. А мы працягваем лічыць расейцаў і іх культуру «сваімі», толькі таму, што разумеем іхную мову (і гэта зусім не ўзаемна). Лукашэнка з прыслужнікамі фактычна панізіў статус нашай краіны ад незалежнасьці да саюзнай рэспублікі БССР. Быццам інтэрнат у доме суседа — выгаднейшае жыльлё, чым свой уласны дом. Выгаднейшае, як выглядае на практыцы, толькі за турму.

Як нагадвае Радыё Свабода, на канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў у Беларусі былі забароненыя. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі — крымінальная адказнасьць і турма.

Ня буду даваць ніякіх ацэнак, бо іх, бесстароньніх, дадзена шмат. Напрыклад, паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Што ж такое экстрэмізм? Забойства, рабаўніцтва, абраза? Зьвярніце ўвагу на кожную з гэтых соцень тысяч справаў, пачытайце пра іх і вы пабачыце, што гэта — роўна наадварот — любоў да свайго, удзячнасьць да іншага, павага да чалавека.

Як пісаў Янка Купала яшчэ ў 1908 годзе:

Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі
Любі сваю ніву, свой край
I, колькі ёсьць сілы, да самай магілы
Ары, барануй, засявай!..


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG