«Памёр ад трамбозу 58-гадовы экс-палітвязень Валер Богдан. Тры гады калёніі за камэнтары ў інтэрнэце ён адседзеў цалкам. На волі Валер пражыў дзевяць месяцаў», — напісаў Андрэй Стрыжак.
Мужчыну затрымалі 18 траўня 2021 году, 17 верасьня таго ж году асудзілі на тры гады зьняволеньня за публікацыі ў сацыяльных сетках. Яго абвінавацілі па ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы).
З спасылкай на знаёмых Богдана, зь якімі ён быў у турме, пра сьмерць колішняга палітвязьня піша таксама Наша ніва. На гэтую ж інфармацыю спасылаецца і праваабарончы цэнтар Вясна.
Валер Богдан нарадзіўся ў горадзе Нерчынск (Забайкальскі край Расеі). Адслужыў у войску ў Навасібірску, затым вывучыўся ў Берасьцейскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце.
Мужчына выйшаў на волю ў сакавіку 2024 году, цалкам адбыўшы тэрмін. У сацсетках ён пісаў, што яму складана рэабілітавацца і што ён «езьдзіць па лякарнях». Паводле інфармацыі выдання «Наша Ніва», сьмерць адбылася ў пачатку 2025 году.
Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», на 12 сакавіка 2025 году за кратамі ў сытуацыі асаблівай рызыкі былі ня менш за 219 палітвязьняў.
14 траўня стала вядома пра сьмерць былой палітзьняволенай Тамары Каравай (дата невядомая, прычына — «ня вытрымала сэрца»), 12 траўня паведамлялася пра сьмерць 5 лютага экс-палітвязьняволенай Ганны Кандраценкі з прычыны анкалягічнага захворваньня.
У 2021–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла ня менш за восем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зьняволенымі. Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандар Кулініч, Дзьмітры Шлетгаўэр.
20 траўня стала вядома, што памёр яшчэ адзін палітычны зьняволены — Валянцін Штэрмер. Дакладная дата сьмерці і яе абставіны невядомыя. Таксама няма інфармацыі, ці памёр Штэрмер у папраўчай калёніі ці быў зь яе шпіталізаваны. Фактам застаецца тое, што памёр ён за кратамі.
Форум