Урад Нямеччыны зацьвердзіў законапраект аб скасаваньні магчымасьці паскоранага атрыманьня грамадзянства замежнікамі, якія жывуць у краіне. Такую магчымасьць прадаставіла папярэдняя кіроўная кааліцыя. Дакумэнт, унесены міністрам унутраных спраў Аляксандрам Добрындам, ухвалілі ва ўрадзе 28 траўня. Цяпер ён паступіць на разгляд бундэстагу.
Акрамя таго, у праекце прадугледжана скасаваньне для пэўных груп бежанцаў магчымасьці ўзьяднаньня з членамі сем’яў, якія засталіся на радзіме, піша Deutsche Welle.
Раней Добрынд растлумачыў, што лічыць памылкай «экспрэс-натуралізацыю» пасьля трох гадоў у Нямеччыне.
«Цяпер мы пакладзем гэтаму канец. Грамадзянства Нямеччыны варта падаваць у канцы працэсу інтэграцыі, а не ў яго пачатку», — заявіў ён у інтэрвію газэце Bild.
У законапраекце ўказваецца, што тры гады — занадта кароткі тэрмін для таго, «каб пасьпець інтэгравацца ва ўмовы жыцьця ў Нямеччыне». Добрынд спадзяецца, што зьмена заканадаўства дазволіць скараціць колькасьць просьбітаў прытулку ў краіне.
«Экспрэс-натуралізацыя стварыла дадатковыя ілжывыя стымулы для нелегальнай міграцыі. Мы прыбіраем гэтыя чыньнікі», — сказаў ён.
Скасаваньне права на паскоранае атрыманьне грамадзянства прапісанае ў кааліцыйнай дамове, якую заключылі кансэрватыўны блёк Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу і Хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу з Сацыял-дэмакратычнай партыяй пасьля лютаўскіх датэрміновых выбараў.
Прынятая папярэднім урадам сацыял-дэмакратаў, «зялёных» і лібэралаў норма дзейнічае з чэрвеня 2024 году. Яна прадугледжвае, што грамадзянства можна часам атрымаць не за пяць, а за тры гады ў выпадку «асабліва станоўчых інтэграцыйных дасягненьняў».
Як хутка новая кіроўная кааліцыя ўнясе зьмены ў міграцыйнае заканадаўства і якія менавіта гэта будуць зьмены — пытаньне адкрытае. На ўступленьне закону ў сілу спатрэбіцца час. Ён павінен быць ухвалены ня толькі бундэстагам, але і бундэсратам — прадстаўніцтвам нямецкіх фэдэральных земляў. Папярэдні раз працэдура заняла каля 10 месяцаў.
Форум