Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Санкт-Пецярбургу бэатыфікавалі 10 каталіцкіх дзеячоў — ахвяраў савецкага рэжыму. Большасьць іх беларусы


Пракатэдральны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу
Пракатэдральны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу

23 траўня ў Пракатэдральным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу адбылося афіцыйнае закрыцьцё эпархіяльнай стадыі працэсу бэатыфікацыі каталіцкіх новапакутнікаў Расеі XX стагодзьдзя, паведаміў афіцыйны ватыканскі партал.

Сярод іх вернікі лацінскага і ўсходняга абрадаў, зазначаецца ў паведамленьні.

Большасьць зь іх зьвязаныя зь Беларусьсю, адзначыў каталіцкі тэлеграм-канал @rerumnovarum.

  • Біскуп Антоні Малецкі (1861–1935) паходзіў зь сямʼі перасяленцаў зь Беларусі, у 1880-х служыў у Віцебску і Менску.
  • Біскуп Караль Сьлівоўскі (1855–1933) служыў у 1880-х у Сяньне і Лепелі.
  • Ксёндз Канстанцін Будкевіч (1867–1923) служыў у 1896–1903 у Віцебску.
  • Ксёндз Ян Тройга (1881–1932) нарадзіўся ў беларускай сялянскай сямʼі на Беласточчыне. У 1900-х служыў і выкладаў у Магілёве.
  • Ксёндз Антоні Дземяшкевіч (1891–1937) нарадзіўся ў беларускай сялянскай сямʼі на Аршаншчыне. Служыў на Смаленшчыне і Браншчыне.
  • Ксёндз Павал Хоміч (1893–1942) нарадзіўся ў беларускай сялянскай сямʼі ў Ваўкавыску. У Санкт-Пецярбурскай сэмінарыі і акадэміі належаў да беларускага кола.
  • Сьвецкая Каміла Крушальніцкая (1892-1937) — шляхцянка з Баранавічаў.

Таксама ў сьпісе новапакутнікаў:

  • Ксёндз Францішак Будрыс (1882–1937), які нарадзіўся на Ковеншчыне і служыў ва Ўфе.
  • Ксёндз Антон Чарвінскі (1881–1938), які нарадзіўся на Любліншчыне і служыў ва Ўладзікаўказе.
  • Законьніца Ганна Абрыкосава (1882–1936) — масквічка з нараджэньня, прыняла каталіцтва ў Парыжы і па вяртаньні ў Расею заснавала жаночую грамаду дамініканскага ордэну.


Цяпер гэты сьпіс будзе разглядаць ватыканскі дэпартамэнт праслаўленьня сьвятых

Бэатыфікацыя (ад лацінскіх слоў beatus — дабрашчасны і facio — раблю) — акт залічэньня асобы да дабраславёных. Царква разглядае бэатыфікацыю як этап рыхтаваньня да кананізацыі — прызнаньня чалавека сьвятым. Гэтае права належыць папу Рымскаму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG