Самалёты прыбылі ў Беларусь у адпаведнасьці з плянам будаўніцтва і разьвіцьця Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і вайскова-тэхнічнага разьвіцьця з Расейскай Фэдэрацыяй, паведаміла Міністэрства абароны Беларусі.
Камандзір ВПС і войскаў СПА генэрал-маёр Андрэй Лук’яновіч пракамэнтаваў падзею:
«Паэтапна ідзе плянавая мадэрнізацыя, абнаўленьне парку ўзбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі. Сёньня да нас прыбылі найноўшыя, звышманэўраныя, шматфункцыянальныя зьнішчальнікі Су-30СМ2.
У дадзенай авіяцыйнай тэхніцы вельмі шмат навінак. У першую чаргу, значна вырасьлі магчымасці па баявым ужываньні як па паветраных, наземных, так і марскіх цэлях. Значна ўдасканалены характарыстыкі, дзякуючы інтэграцыі сучасных авіяцыйных сродкаў паражэньня і мадэрнізацыі бартавой радыёлякацыйнай станцыі. Палепшаная абароненасьць ад перашкодаў, сродкі электроннай барацьбы».
Беларускія лётчыкі прайшлі перанавучаньне ў навучальным цэнтры ў Расеі на гэты тып паветраных суднаў. Бліжэйшым часам будзе прыём авіяцыйнай тэхнікі, тэхнічнае вывучэньне. Ужо літаральна на наступным тыдні дадзеныя самалёты змогуць выконваць асноўную задачу — баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне, абяцаюць у міністэрстве. У пляне баявой падрыхтоўкі лётчыкі змогуць выконваць палёты на гэтым самалёце.
Сёлета Беларусь атрымае яшчэ адну партыю самалётаў Су-30СМ2. А ўжо на гэтым тыдні, як сказаў Лук’яновіч, у краіну паступяць верталёты Мі-35М.
Форум