Пасьля рэкамэндацыі Рады дзяржаўных узнагародаў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў дэкрэт аб выключэньні Эдуардаса Вайткуса, які праславіўся пракрамлёўскімі заявамі, зь сьпісу кавалераў ордэна вялікага князя Гедыміна. Пра гэта піша Delfi.
У 2004 г. тагачасны прэзыдэнт Літвы Роландас Паксас узнагародзіў Вайткуса Афіцэрскім крыжам ордэна Вялікага князя Літоўскага Гедыміна. На мінулым тыдні на паседжаньні Рады дзяржаўных узнагародаў рэкамэндавалі пазбавіць Вайткуса дзяржаўнай узнагароды за зьнявагу імя краіны. Рашэньне прынялі аднагалосна.
Пытаньне пазбаўленьня Вайткуса ўзнагароды ў краіне ўзьнялі пасьля таго, як ён на прэс-канфэрэнцыі ў Менску заявіў, што ў Літвы няма законнага прэзыдэнта.
Паліцыя пачала расьсьледаваньне па артыкуле Крымінальнага кодэксу Літоўскай рэспублікі за дзеяньне супраць Літвы. Таксама візыт і заявы Вайткуса ў Менску расьсьледуюць спэцслужбы Літвы.
Эдуардас Вайткус у 2024 годзе ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах у Літве і заняў 5-е месца.
Форум