Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Беларусі заявіла аб пераносе вучэньняў «Захад-2025» углыб краіны і скарачэньне колькасьці ўдзельнікаў удвая

абноўлена

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, архіўнае фота
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, архіўнае фота

«Мы прынялі рашэньне аб зьніжэньні парамэтраў вучэньня „Захад-2025“ і пераносе яго асноўных манэўраў углыб тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад заходніх межаў», — заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Яго цытуе Міністэрства абароны Беларусі. Заяву Хрэніна на сустрэчы міністраў абароны АДКБ ў Бішкеку апублікавалі па-расейску і па-ангельску.

«Удакладненая задума вучэння, у якой колькасць удзельнікаў скарочана амаль удвая, была зацьверджана яшчэ ў красавіку», — напісаў у сетцы X памочнік міністра абароны Беларусі ў пытаньнях міжнароднай супрацы Валеры Равенка.

Паводле Равенкі, у адказ Польшча выказала намер правесьці «найбуйнейшыя за апошнія гады дывізіённыя манэўры».

«Каб апраўдаць чаканьні польскага боку, на палігоне пад Горадняй будзе арганізавана ротнае тактычнае вучэнне», — напісаў Равенка.

У студзені Равенка паведаміў, што ў вучэньнях возьмуць удзел больш за 13 тысяч чалавек, і яны «плянуюцца як адны з найбольш маштабных за мінулыя гады».

Віктар Хрэнін сказаў, што вайсковыя вучэньні «Захад-2025» не накіраваныя супраць каго-небудзь, а перанос асноўных манэўраў углыб тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад заходніх межаў сьведчыць пра гатоўнасьць да дыялёгу і зьніжэньне напружанасьці ў рэгіёне:

«Інтэнсіўнасьцю і маштабамі вучэньне „Захад“ заўсёды было несупастаўнае з тымі захадамі апэратыўнага і баявога рыхтаваньня, якія праводзяць у Эўропе», — дадаў ён.

Хрэнін таксама заявіў, што «заходнія палітыкі абралі шлях варожасьці і гонкі ўзбраеньняў».

«У сьвядомасьць эўрапейскіх грамадзян сыстэматычна ўкаранялася ідэя непазьбежнасьці новай вайны і браку альтэрнатывы супрацьстаяньню з Расеяй», — сказаў ён.

Паводле яго, мілітарызацыя ў Эўропе і «канкурэнцыя за статус дамінантнай вайскова-палітычнай сілы» можа прывесьці да ваеннага канфлікту.

Ён заклікаў заходнія краіны лічыцца з «аб’ектыўнымі інтарэсамі бясьпекі іншых краін».

У Беларусі 16 траўня з «працоўным візытам» пабываў міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў.

Белавусава адразу прыняў Аляксандар Лукашэнка, паведаміла БЕЛТА. Ішла гутарка аб заплянаваных супольных вайсковых вучэньнях Беларусі і Расеі на беларускай тэрыторыі.

Луашэнка падзякаваў Белавусаву за тое, што Расея знайшла «магчымасьць пастаўкі ў Беларусь закупленых намі ўзораў узбраеньня»:

«Я маю на ўвазе самалёты, верталёты і гэтак далей. Мы вельмі актыўна працуем над пэрспэктыўнымі відамі ўзбраеньняў. Вы ведаеце гэта добра. Рэалізуем задуму, якую мы абмяркоўвалі з Уладзімірам Пуціным, — аб разьмяшчэньні тут самых перадавых відаў зброі для абароны. У тым ліку „Арэшнік“ і гэтак далей. Мы тут значна прасунуліся».

Андрэй Белавусаў заявіў падчас сустрэчы, што «агульную абаронную прастору» Расеі і Беларусі трэба «ўмацоўваць як мага хутчэй».

Апошнім разам Белавусаў быў у Менску ў канцы кастрычніка 2024 году, калі ў беларускай сталіцы праходзіла калегія міністэрстваў абароны дзьвюх краін.

Тады ён сярод іншага заявіў, што Расея гатовая ўжыць ядзерную зброю ў адказ на агрэсію супраць Беларусі.

  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
  • На восень 2025 году ўлады Беларусі і Расеі рыхтуюць супольныя маштабныя вучэньні на беларускай тэрыторыі. У кастрычніку летась міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2025» «галоўнай падзеяй», да манэўраў плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.
  • 30 студзеня начальнік аб’яднанага штабу (АДКБ) заявіў, што, акрамя манэўраў «Захад-2025», у верасьні на беларускай тэрыторыі павінны прайсьці вучэньні «Ўзаемадзеяньне-2025» — з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня, «Пошук-2025» — зь сіламі і сродкамі выведкі й матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.
  • Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG