«29 траўня 2020 году — дзень, які разьдзяліў жыцьцё маёй сямʼі на да і пасьля. Рэжым арыштаваў Сяргея, забраў мяне мужа, у дзяцей — бацьку, у маці — сына», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
«І сёньня я хачу падзяліцца, як гэта, калі твайго самага блізкага чалавека няма побач, калі ты ня можаш падзяліцца зь ім навінамі, думкамі, нават у лістах. Я хачу падзяліцца, бо праз гэта прайшлі і праходзяць тысячы семʼяў у Беларусі.
Гэта боль, які не заканчваецца, але зь якім я вучуся жыць кожны дзень на працягу пяці гадоў.
Тады, у 20-м, я думала, што ўсё атрымаецца, бо я ведаю характар Сяргея. Ён заўсёды дабіваўся мэты, заўсёды знаходзіў выхад і ніколі не здаваўся. Я хацела быць побач, падтрымаць яго барацьбу. І пасьля затрыманьня адзінае, што я магла рабіць, — гэта працягваць тое, што пачаў ён. Ня даць згаснуць іскры, якую ён запаліў у людзях, і не падвесьці ні яго, ні тых, хто паверыў у нас.
Ужо тады я разумела, што будзе цяжка, але не ўяўляла, наколькі. Жыць безь яго голасу, ня мець магчымасьці параіцца, расказаць пра сумневы, паплакаць на яго плячы. Глядзець, як нашыя дзеці растуць без таты, ледзьве не палову свайго жыцьця, адчуваць адзіноту, нават калі вакол тысячы людзей. Перажываць за кожнага і кожную, хто стаў закладнікам рэжыму.
Да гэтага нельга прывыкнуць, але я навучылася ператвараць гэты боль у сілу — дзякуючы табе, Сяргей, дзеля цябе.
Я ведаю, што ты нязломны, і гэта наймацнейшая падтрымка для мяне.
Я ведаю, што ты верыш у нас, беларусаў, у тое, што мы робім. І гэта матывуе не спыняцца. Бо мы ўсе памятаем — толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцьця», — сказала ў сваім відэа Сьвятлана Ціханоўская.
- Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар папулярнага youtube-канала «Страна для жизни». Яго затрымалі ў траўні 2020 году ў Горадні падчас чарговага пікету па зборы подпісаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай як кандыдаткі на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году. Сьвятлана зарэгістравала сваю кандыдатуру пасьля таго, як Сяргея Ціханоўскага да іх не дапусьцілі.
- 14 сьнежня 2021 году ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3 Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў калёніі, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых беспарадкаў (артыкул 293 КК), грубым парушэньні грамадзкага парадку (артыкул 342 КК), перашкодзе ажыцьцяўленьню выбарчых правоў (артыкул 191 КК) і распальваньні варожасьці (артыкул 13 КК).
- У лютым 2023 году Ціханоўскаму дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня ў справе аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (ч. 2 арт. 411 КК).
- Сьвятлана Ціханоўская пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пад ціскам беларускіх уладаў вымушана выехала ў Літву, дзе стала лідэркай беларускай апазыцыі ў выгнаньні.
- Па стане на 9 сакавіка праваабаронцам вядома таксама аб працяглым утрыманьні ў рэжыме інкамунікада палітвязьняў Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыкі, Уладзімера Кнігі, Андрэя Навіцкага і Аляксандра Францкевіча.
Форум