Першыя два аблвыканкамы абнавілі інфармацыю аб канфэсійнай сытуацыі ў рэгіёнах. Апублікаваная статыстыка па колькасьці рэлігійных супольнасьцяў у Менскай і Віцебскай абласьцях, якая паказала скарачэньне колькасьці грамадаў, прычым у паўночным рэгіёне — істотнае, піша Katolik.life.
Паводле апошніх зьвестак, у Віцебскай вобласьці дзейнічаюць 525 супольнасьцяў 18 канфэсій. На 1 студзеня 2024 году, калі перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый яшчэ не пачыналася, такіх было 565 — па даных Апарату ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў.
Гэта значыць, за год у рэгіёне спынілі існаваньне 40 супольнасьцяў — падобна, яны падалі заяву аб ліквідацыі ў сувязі зь немагчымасьцю прайсьці новую дзяржаўную рэгістрацыю.
Прыходаў якіх канфэсій зьнікла больш за ўсё
Гэта самыя масавыя канфэсіі: Праваслаўная царква (было 300 грамадаў, стала 280) і Рыма-каталіцкая царква (было 94 парафіі, стала 85). На трэцім месцы — хрысьціяне веры эвангельскай. Гэтая канфэсія налічвала 52 грамады ў рэгіёне, а на пачатак 2025 году іх засталося 48.
Агулам, усе 18 канфэсій захавалі прысутнасьць у Віцебскай вобласьці, у тым ліку канфэсія, якая прадстаўлена адзінай у Беларусі суполкай — гэта мармоны (Царква Ісуса Хрыста апошніх дзён).
Таксама засталіся ў рэгіёне такія рэдкія канфэсіі як бахаі і крышнаіты — па адной суполцы.
У Менскай вобласьці за год таксама скарацілася колькасьць рэлігійных арганізацый, але ня так масава. З 714 супольнасьцяў, якія дзейнічалі на 1 студзеня 2024 году, цяпер засталося 708. У прыватнасьці, зьліквідавана па дзьве грамады БПЦ і РКЦ. У цэлым усе раней прадстаўленыя канфэсіі пакуль захавалі сваю прысутнасьць — іх у Менскай вобласьці 13.
Усе рэлігійныя супольнасьці ў Беларусі абавязалі падаць дакумэнты для перарэгістрацыі не пазьней за 5 ліпеня 2025 году. Канчатковыя лічбы па колькасьці рэлігійных арганізацый, якія прайшлі новую дзяржаўную рэгістрацыю, павінны быць прадстаўлены пасьля 1 студзеня 2026 году.
Форум