Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славаччына вырашыла вярнуць свайго амбасадара ў Беларусь, ім зноў стане дыплямат, якога ўзнагародзіў Лукашэнка


Ёзэф Мігаш, архіўнае фота
Ёзэф Мігаш, архіўнае фота

Пра тое, што былы амбасадар Славаччыны ў Беларусі (2016-2020) Ёзэф Мігаш вернецца ў Менск на ранейшую пасаду стала вядома 29 траўня.

МЗС Славаччыны заявіла аб рашэньні вярнуць свайго амбасадара ў Беларусь. Міністар замежных спраў Славаччыны Юрай Бланар у сувязі з гэтым заявіў, што «Славацкая Рэспубліка зацікаўленая ў прагматычным супрацоўніцтве з усімі краінамі сьвету»:

«Таму мы хочам аднавіць канструктыўны дыялёг з беларусамі як на двухбаковым, так і на шматбаковым узроўнях, паколькі сёньня неабходна даць месца дыпляматыі важных мірных перамовах і скарэйшым спыненьні вайны ва Ўкраіне».

У МЗС заявілі, што «Беларусь зьяўляецца эканамічным і палітычным партнэрам у Цэнтральнай і Усходняй Эўропе»: «Паступальнымі крокамі Славаччына можа разьвіваць базавае супрацоўніцтва ў гандлі, сельскай гаспадарцы, культуры і адукацыі».

Сам Мігаш заявіў, што дыпмісія працягне аказваць «высакаякасныя консульскія паслугі славацкім грамадзянам у Беларусі»:

«Сёньня мы таксама бачым узрослую цікавасьць сярод беларускіх грамадзян да навучаньня ў славацкіх унівэрсытэтах. У Славакіі пражывае каля 10 тысяч беларусаў, і яны зьяўляюцца мостам паразуменьня паміж нашымі двума народамі».

Мігаш быў амбасадарам Славаччыны ў Беларусі ў 2016–2020 гадах і падаў у адстаўку пасьля таго, як МЗС краіны раскрытыкаваў яго за ўдзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 9 траўня ў Менску ў 2020 годзе. Пасьля гэтага Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам Францыска Скарыны2.

Беларусь закрыла амбасаду ў Браціславе восеньню 2023 года. Апошнім паслом Беларусі ў Славаччыны быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020 года.

Да нядаўняга часу Браціслава была пасьлядоўным крытыкам рэжыму ў Менску. Аднак палітыка зьмянілася пасьля таго як восеньню 2023 года на парлямэнцкіх выбарах у Славаччыны перамагла партыя прарасейскага папуліста Робэрта Фіца, які ў чацьвёрты раз стаў прэм’ер-міністрам краіны (перш у 2006-2010, 2012-2016 і 2016).

Шкадаваньне ў сувязі з прызначэньнем Славаччынай амбасадара ў Беларусі выказаў у камэнтары «Позірку» дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Вельмі шкада. Хоць гэтага і трэба было чакаць ад славацкага ўрада. На жаль, гэты крок ідзе насуперак агульнаэўрапейскай пазыцыі і толькі на руку Лукашэнку і Пуціну», — зазначыў ён.

«Цікава, ці будзе пасол у Менску змагацца за вызваленьне палітзьняволеных і ўздымаць непрыемныя пытаньні перад рэжымам? Сумняваюся», — дадаў ён.

Пасьля падзей 2020 году краіны Эўразьвязу, якія не прызналі вынікі выбараў у Беларусі, ня маюць у Менску сваіх амбасадараў, іх замяняюць часовыя павераныя ў справах.

Скандал у 2020-м годзе

Нягледзячы на адмову амбасадараў краінаў Эўразьвязу ва ўмовах каранавірусу, амбасадар Славаччыны Ёзэф Мігаш прысутнічаў на вайсковым параде ў Менску 9 траўня 2020 году.

У адказ на крытыку з боку МЗС сваёй краіны Мігаш падаў у адстаўку, якая была прынятая. У замежнапалітычным ведамстве палічылі, што ён парушыў прынцыпы камунікацыі са штаб-кватэрай.

Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з Ёзэфам Мігашам і ўручыў яму ордэн Францішка Скарыны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG