Польскамоўнае вяшчаньне менскай станцыі «Радыё Беларусь» у абыход санкцый Эўразьвязу распаўсюджвае дэзынфармацыю для польскай аўдыторыі на плятформах TikTok, YouTube, X і Facebook. Да такой высновы прыйшлі аўтары супольнага дакладу Digital Forensic Research Lab, Фонду палітычнай адказнасьці і Alliance4Europe.
З восені 2023 году на акаўнтах «Радыё Беларусь» зьявілася амаль 7800 відэаролікаў і допісаў з 16 мільёнамі праглядаў і больш як паўмільёна ўзаемадзеяньняў.
Аўтары дакладу лічаць, што гэтыя лічбы даказваюць, што «Радыё Беларусь» эфэктыўна праводзіць лічбавую кампанію па ўплыве на прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы, другі тур якіх адбудзецца ў гэтыя выходныя.
Сваім кантэнтам яно таксама імкнецца падарваць давер да дэмакратычных інстытутаў Польшчы, палярызаваць польскае грамадзтва, дыскрэдытаваць адных і падтрымаць іншых палітычных лідэраў, гаворыцца ў дакладзе.
Разам з тым, кандыдат у прэзыдэнты Мацей Мацяк, які выступаў на «Радыё Беларусь», атрымаў на выбарах усяго 0,2% галасоў. А колькасьць падпісчыкаў станцыі як для «ўплывовага СМІ» даволі сьціплая: каля 17 тысяч на YouTube, каля 2 тысяч на X, і 800 з гакам на Telegram.
Аўтары дакладу падкрэсьліваюць, што зьвярталі ўвагу плятформаў на падсанкцыйны кантэнт яшчэ летась, але вынікаў не пабачылі. Толькі TikTok геаграфічна абмежаваў паказы.
Эўразьвяз увёў санкцыі супраць беларускіх і расейскіх дзяржаўных СМІ пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ў 2022 годзе, які адбыўся ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
«Радыё Беларусь» выпускае кантэнт таксама на ангельскай, гішпанскай, нямецкай, польскай, францускай і кітайскай мовах. Апроч старонкі ў інтэрнэце і акаўнтаў у сацсетках, яно вяшчае з шасьці FM-перадатчыкаў, разьмешчаных уздоўж мяжы з Эўразьвязам. Польскамоўныя праграмы выходзяць з 2006 году.
Форум