Нягледзячы на заяўлены міжнародны статус і актыўную рэкляму падзеі ў праўладных мэдыя, прэс-канферэнцыя Дзьмітрыя Пантуса, старшыні галоўнага арганізатара выставы — Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі — прайшла практычна ў пустой залі.
Геаграфія паставак прадукцыі беларускага вайскова-прамысловага комплексу ўключае больш за 60 краін, заявіў у праграме «Главный эфир» на тэлеканале «Беларусь 1» старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Дзьмітры Пантус.
Паводле сьцьверджаньня Пантуса, выстава прынесла беларускаму ВПК рэкордны за яе гісторыю партфэль кантрактаў больш чым на 390 млн даляраў. На мінулым форуме два гады таму сума склала 277 млн даляраў.
Пантус паведаміў, што выставу MILEX-2025 наведала звыш 50 афіцыйных дэлегацый з больш чым 30 дзяржаў. На ёй прадставілі больш за 750 узораў рознай тэхнікі з шасьці краінаў: Беларусі, Расеі, Ірану, Кітаю, Пакістану і Індыі.
Пантус адзначыў, што на выставе прадставілі вельмі шмат бесьпілётных лятальных апаратаў, «але ня менш маштабна былі прадстаўленыя і сродкі барацьбы зь бесьпілётнікамі».
«Беларусь у гэтым кірунку вельмі сур’ёзна працуе. У прыватнасьці, кампанія „КБ Радар“, якая зьяўляецца на сёньняшні момант заканадаўцам модаў у гэтым кірунку, таксама вельмі шырока і маштабна прадставіла сваю прадукцыю, якая выклікала, дарэчы, непадробную цікавасьць нашых партнэраў», — паведаміў Пантус.
Таксама кіраўнік ДВПК адзначыў, што на выставе паказалі ўсю лінейку сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), якую вырабляе Беларусь.
«Вялікая ўвага надавалася ў тым ліку так званаму акопнаму РЭБу адмыслова для абароны кожнага байца, асобных сродкаў рухомасьці і стацыянарных сродкаў для абароны інфраструктуры і аб’ектаў сацыяльнага прызначэньня», — сказаў ён.
Ідзе супраца ў галіне авіябудаваньня з Расеяй, ёсьць сумесная праца па праекце «Асвей» па распрацоўцы 19-мясцовага самалёта і арганізацыі яго сэрыйнай вытворчасьці на базе 558-га авіяцыйнага рамонтнага заводу ў Баранавічах.
Цяпер, паводле яго слоў, сумесна з Росабаронэкспартам і Аб’яднанай авіябудаўнічай карпарацыяй Расеі распрацоўваецца праект стварэньня сумеснага самалёта Су-75 Checkmate — малапрыкметнага шматфункцыянальнага зьнішчальніка пятага пакаленьня.
Нягледзячы на заяўлены міжнародны статус і актыўную рэкляму падзеі ў праўладных мэдыя, прэс-канфэрэнцыя Дзьмітрыя Пантуса, старшыні галоўнага арганізатара выставы — Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі — прайшла практычна ў пустой залі.
Сярод прадстаўленых на MILEX вайсковых арганізацыяў з расейскага боку — дзяржаўная карпарацыя «Ростех», канцэрны «Уралвагонзавод» і «Алмаз-Антэй», група кампаніяў «Калашников» і «Бесьпілётныя сыстэмы», «Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя».
Усе гэтыя кампаніі маюць дачыненьне да вайны Расеі супраць Украіны. Фактычна ўсе яны пад міжнароднымі санкцыямі Эўразьвязу, ЗША, Вялікай Брытаніі і шэрагу іншых краінаў сьвету. Тым ня менш афіцыйныя ўлады Беларусі актыўна супрацоўнічаюць з гэтымі кампаніямі, а свой удзел у агрэсіі супраць Украіны адмаўляюць.
Форум