Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лібійскім Бэнгазі адкрылі Дом Беларусі, краіне падарылі аўтобусы МАЗ


Аўтобус МАЗ на вуліцах Менску, архіўны здымак
Аўтобус МАЗ на вуліцах Менску, архіўны здымак

Пра цырымонію адкрыцьця Дому Беларусі, якая адбылася ў горадзе Бэнгазі ўва ўсходняй частцы Лібіі, паведамляе прэс-служба ўраду.

Паводле віцэ-прэм’ера Віктара Каранкевіча, які ўдзельнічаў у цырымоніі, аб’ект стане «месцам прыцягненьня суб’ектаў гаспадараньня, бізнэс-колаў, дзе будзе магчымасьць праводзіць сустрэчы, абмяркоўваць і заключаць канкрэтныя кантракты».

Галіны, у якіх будзе весьціся асноўная дзейнасьць, — прамысловасьць, сельская гаспадарка, ахова здароўя. Пра гэта з спасылкай на прэс-службу ўраду піша Позірк.

Беларуская дэлегацыя азнаёмілася ў Бэнгазі зь «лібійскімі аб’ектамі аховы здароўя», лібійскі бок «максымальна зацікаўлены ў супрацы — ад рыхтаваньня кадраў да пастаўкі лекаў».

«Лібійскаму боку падарылі аўтобусы МАЗ, якія ўжо прыбылі ў пункт прызначэньня і гатовыя да выкарыстаньня. Калі яны добра сябе зарэкамэндуюць, быць можа, на вуліцах Бэнгазі будзе курсаваць яшчэ больш беларускай тэхнікі», — сказаў Каранкевіч.

Пры гэтым раней на вуліцах Беларусі і Расеі, куды пастаўляецца тэхніка МАЗ, ня раз бывалі пажары ад яе, аўтобусы гарэлі. Экспэрты называць імавернай прычынай гэтага санкцыі, уведзеныя супраць Менскага аўтамабільнага заводу, праз што тэхнічнае абслугоўваньне застаецца на невысокім узроўні.

Аб працоўным візыце ўва ўсходнюю частку Лібіі дэлегацыі на чале з Каранкевічам урад паведамляў 24 траўня. Візыт меў разьвіць дамоўленасьці кіраўніка Беларусі Лукашэнкі і кіраўніка Лібіі Хафтара.

Галоўны вайскавод Лібійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) Халіфа Хафтар наведваў Менск у лютым 2025 году.

Дэлегацыя Беларусі на чале з Каранкевічам наведвала Бэнгазі ў сакавіку. Тады беларусы прэзентавалі «магчымасьці беларускай нафтаперапрацоўкі», абмеркавалі супрацу ў галіне геалягічнай выведкі ды інш.

Дэ-юрэ Лібія — адзіная дзяржава, але дэ-факта пасьля зрынаньня Муамара Кадафі ў 2011 годзе краіна падзялілася і цяпер ёю кіруюць некалькі цэнтраў улады.

ААН і міжнародная супольнасьць прызнае ўрад нацыянальнага адзінства (УНА) на чале з прэм’ер-міністрам Абдэлем Хамідам Дбэйбам, які насамрэч кантралюе толькі каля траціны Лібіі — сталіцу Трыпалі і прылеглыя тэрыторыі. Гэта заходняя частка дзяржавы.

Каля дзьвюх трацінаў краіны знаходзіцца пад кантролем усходняга ўраду Ўсамы Хамада, які базуецца ў Бэнгазі, Палаты прадстаўнікоў у Табруку, якая яго прызначыла, і ЛНА на чале з Хафтарам, што іх падтрымлівае. Акрамя Беларусі, цэнтар улады ўва ўсходняй частцы Лібіі падтрымліваюць Расея, Эгіпет, ААЭ ды інш.

Нягледзячы на тое, што УНА мае большую вагу на міжнароднай арэне, усходні ўрад больш уплывае ўнутры краіны, у тым ліку дзякуючы кантролю над рэсурсамі і войскам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG