Фон дэр Ляен напісала ў сябе ў сацыяльнай сетцы Х, што ў іх з Дональдам Трампам прайшла «добрая» размова.
Яна дадала, што ЭЗ і ЗША падтрымліваюць «самыя цесныя і значныя гандлёвыя адносіны ў сьвеце» і Эўропа гатовая да «хуткага і рашучага пачатку перамоваў». Трамп вырашыў адкласьці 50-працэнтныя мыты на імпарт з ЭЗ да 9 ліпеня.
Дональд Трамп раней заяўляў, што 50-працэнтныя мыты на імпарт з ЭЗ будуць уведзеныя з 1 чэрвеня. Яшчэ 23 траўня прэзыдэнт ЗША настойваў менавіта на гэтай даце, падкрэсьліваючы, што перамовы з Эўразьвязам зайшлі ў тупік.
2 красавіка Трамп аб’явіў аб увядзеньні з 5 красавіка гандлёвых тарыфаў для пераважнай большасьці гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў. У прыватнасьці, ён абвясьціў, што імпарт з краін Эўразьвязу будзе абкладацца 20-працэнтным мытам. Для Вялікай Брытаніі ішлося пра 10%, для шэрагу краін — пра 40 і больш адсоткаў.
9 красавіка амэрыканскі прэзыдэнт адклаў на 90 дзён увядзеньне мытаў для больш як 75 краін, пры гэтым падвысіўшы мыты для Кітая да 145%. Неўзабаве Кітай аб’явіў пра чарговае павышэньне імпартных мытаў на тавары з ЗША — да 125%.
Эўразьвяз адклаў увод 25-працэнтных мытаў на амэрыканскія тавары на 90 дзён.
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа мае намер заключыць 90 дамоваў аб гандлі за 90 дзён — на гэты тэрмін было адкладзена ўвядзенне мытаў для больш як 75 краін.
Форум