Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прэзыдэнт Румыніі Нікушор Дан склаў прысягу. ФОТА


Інаўгурацыя прэзыдэнта Румыніі Нікушора Дана. Бухарэст, 26 траўня 2025 году
Інаўгурацыя прэзыдэнта Румыніі Нікушора Дана. Бухарэст, 26 траўня 2025 году

Палітычны крызіс у Румыніі цягнуўся ад леташняга сьнежня, калі Канстытуцыйны суд скасаваў вынікі першага туру папярэдніх выбараў, які прайшоў у лістападзе.

Новаабраны прэзыдэнт Румыніі Нікушор Дан апоўдні 26 траўня склаў прысягу ў будынку парлямэнту Румыніі, у прысутнасьці дэпутатаў, дыпляматаў, патрыярха Румынскай праваслаўнай царквы Даніла, былых прэзыдэнтаў, паведамляе Румынская служба Радыё Свабодная Эўропа.

З чатырох былых прэзыдэнтаў краіны на цырымонію ў будынак парлямэнту прыбылі Эміль Канстантынэску, які займаў гэтую пасаду з 1996 па 2000 год, і Траян Бэсэску, прэзыдэнт Румыніі з 2004 па 2014 год.

Новы прэзыдэнт Румыніі Нікушор Дан ушаноўвае румынскі баявы сцяг
Новы прэзыдэнт Румыніі Нікушор Дан ушаноўвае румынскі баявы сцяг

Пасьля складаньня прысягі Нікушор Дан заявіў, што «румынская дзяржава мае патрэбу ў фундамэнтальных зьменах, і я працягваю заклікаць вас аказаць пазытыўны ціск на румынскую дзяржаву, каб інстытуты маглі рэфармавацца».


Інаўгурацыя прэзыдэнта Нікушора Дана
Інаўгурацыя прэзыдэнта Нікушора Дана

Перад прыняцьцем прысягі Нікушор Дан у нядзелю, 15 траўня, у якасьці абранага прэзыдэнта Румыніі наведаў Варшаву, дзе прыняў удзел у перадвыбарчым мітынгу Рафала Тшаскоўскага, праэўрапейскага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы, якія адбудуцца 1 чэрвеня.

На мітынгу Нікушор Дан заявіў, што яго аб’ядноўваюць з кандыдатам Тшаскоўскім такія каштоўнасьці, як «дэмакратыя, свабода слова і вяршэнства закону», і што Польшча і Румынія могуць разьвівацца толькі ў межах моцнага Эўрапейскага Зьвязу.

Раней у траўні Канстытуцыйны суд Румыніі адхіліў патрабаваньне кандыдата ў прэзыдэнты Джорджэ Сім’ёна скасаваць вынікі выбараў. Суд назваў скаргу Сім’ёна, які прайграў другі тур выбараў, неабгрунтаванай.

Джорджэ Сім’ён у сваім пазове заявіў, што на вынікі выбараў паўплывалі вонкавыя сілы. Ён нагадаў, што акурат з гэтай прычыны Канстытуцыйны суд скасаваў у лістападзе вынікі першага туру папярэдніх выбараў, які выйграў яго палітычны хаўрусьнік, правы папуліст Кэлін Джарджэску.

Джорджэ Сім’ён заявіў, што замежныя дзяржавы, у прыватнасьці Францыя, нібыта «куплялі галасы», накіроўваючы сродкі ў Малдову, і што некаторыя бюлетэні з галасамі за суперніка Сім’ёна нібыта былі падробленымі. Доказаў гэтым цьверджаньням ён не падаў.

Мэр Бухарэсту Нікушор Дан, праэўрапейскі палітык-цэнтрыст, набраў у другім туры 18 траўня амаль 54% галасоў, апярэдзіўшы Джорджэ Сім’ёна, які атрымаў 46%. Пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў гонкі Сім’ён прызнаў паразу і павіншаваў Дана зь перамогай.

Прыхільнікі ўльтраправага палітыка апублікавалі ў інтэрнэце мноства камэнтароў, вінавацячы ўлады ў «крадзяжы перамогі Сім’ёна».

Служба вонкавай выведкі Францыі зьняпраўдзіла заявы заснавальніка Telegram Паўла Дурава аб тым, што кіраўнік спэцслужбы перад выбарамі нібыта прасіў бізнэсмэна заблякаваць на плятформе пракансэрватыўныя румынскія акаўнты.

Паўторныя прэзыдэнцкія выбары ў Румыніі былі прызначаныя пасьля таго, як у пачатку сьнежня 2024 году Канстытуцыйны суд скасаваў вынікі першага туру ў лістападзе, у якім перамог Кэлін Джарджэску (уваходзіў у «Альянс за абʼяднаньне румынаў» раней). Суд спаслаўся на інфармацыю аб умяшаньні Расеі ў выбарчую кампанію на карысьць Джарджэску, што Масква і сам былы кандыдат адмаўляюць.

Цяпер Кэлін Джарджэску пад сьледзтвам.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG