Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь «працягвае жыць у змроку рэпрэсій». Выйшаў даклад ААН пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі


Мужчына ідзе паўз выставу партрэтаў беларускіх палітвязьняў у цэнтры Варшавы 18 траўня 2025 году
Мужчына ідзе паўз выставу партрэтаў беларускіх палітвязьняў у цэнтры Варшавы 18 траўня 2025 году

Спэцыяльны дакладчык пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс «не знаходзіць прыкмет агульнага паляпшэньня стану грамадзянскіх і палітычных правоў у краіне», гаворыцца ў апублікаваным 25 траўня першым яго дакладзе на гэтай пасадзе.

Агляд ахоплівае падзеі ад 1 красавіка 2024 да 31 сакавіка 2025 году, перадае «Позірк».

У 2024 годзе праваабаронцы налічылі 669 пакаяльных відэа ад затрыманых людзей. Дакладчык называе гэта «формай жорсткага абыходжаньня», якая супярэчыць Міжнароднаму пакту грамадзянскіх і палітычных правоў.

Праз працяг палітычных рэпрэсій і поўнае задушэньне свабоды слова сёлетнія прэзыдэнцкія выбары нельга лічыць адпаведнымі праву, вынікае з дакладу.

Якія яшчэ тэмы асьвятляюцца ў дакладзе

  • Жорсткае абыходжаньне ў месцах пазбаўленьня волі.
  • Трансгранічныя рэпрэсіі ў форме завочных судовых працэсаў.
  • Калектыўнае пакараньне сем’яў.
  • Бестэрміновы працяг тэрміну пазбаўленьня волі для ўжо асуджаных.
  • Абмежаваньне правоў зьняволеных па вызваленьні.
  • Неправамернае прымяненьне для палітычных рэпрэсій законаў пра барацьбу з тэрарызмам і экстрэмізмам.
  • Рэпрэсіі да скаржнікаў у папраўчых установах і жорсткае абыходжаньне з асуджанымі.
  • Затрыманьні і перашкоды ў працы журналістаў.
  • Прымяненьне законаў у парадку зваротнага дзеяньня.

За год спэцдакладчык адправіў 9 паведамленьня ўладам Беларусі і атрымаў 8 адказаў.

Спэцыяльны дакладчык адзначыў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца надзвычай трывожнай, прычым рэпрэсіі скіраваныя супраць людзей як у краіне, так і за мяжой.

Беларусь «працягвае жыць у змроку рэпрэсій» пасьля 2020 году, прыходзіць да высновы аўтар дакладу.

Хто такі Нілс Муйжніекс

11 кастрычніка 2024 году ў Жэнэве на паседжаньні 57-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН на пасаду спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі быў прызначаны Нілс Муйжніекс, экспэрт у сфэры абароны правоў чалавека з 25-гадовым досьведам.

Раней Муйжніекс займаў пасаду камісара ў пытаньнях правоў чалавека ў Радзе Эўропы, узначальваў рэгіянальнае прадстаўніцтва Amnesty International у Эўропе і супрацоўнічаў зь беларускімі праваабаронцамі.

Муйжніекс нарадзіўся 31 студзеня 1964 году ў Лос-Анджэлесе (ЗША) у сям’і латыскіх эмігрантаў. Доктар паліталёгіі (Каліфарнійскі ўнівэрсытэт), атрымаў таксама ступень магістра мастацтваў у Прынстанскім унівэрсытэце.

Быў праграмным дырэктарам у Фондзе Сораса ў Латвіі, дырэктарам Латвійскага фонду правоў чалавека, міністрам сацыяльнай інтэграцыі барацьбы з дыскрымінацыяй і правоў меншасьцяў у Латвіі. Працаваў на Радыё Свабода.

Быў старшынём Эўрапейскай камісіі супраць расізму і нецярпімасьці, дакладчыкам камісіі па сытуацыі ў Польшчы, Нідэрляндах і Славаччыне.

У 2012–2018 гадах быў камісарам Рады Эўропы ў правах чалавека. З чэрвеня 2020 году працаваў рэгіянальным дырэктарам міжнароднай арганізацыі Amnesty International па Эўропе.

Родныя мовы — латыская і ангельская, свабодна валодае расейскай і францускай.

Мандат дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі

Спэцыяльны дакладчык ААН праводзіць незалежны маніторынг таго, што адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі, рэгулярна рыхтуе рэкамэндацыі для паляпшэньня становішча. Ён таксама сочыць за выкананьнем міжнародных абавязаньняў Рэспублікі Беларусь у сфэры шанаваньня і захаваньня правоў чалавека.

  • Мандат спэцыяльнага дакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод падаўжаецца (апошні раз у кастрычніку 2024 году).
  • Зь лістапада 2018 году пасаду займала францужанка Анаіс Марэн, яна пакінула яе 1 лістапада 2024 году. Ейны апошні на пасадзе даклад «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» быў разгледжаны на 79-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў кастрычніку таго ж году.
  • Спэцыяльны дакладчык працуе на грамадзкіх асновах. Улады Беларусі не прызнаюць ягонага мандату і не супрацоўнічаюць зь ім.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG