Беларускі расьледвальны цэнтар (БРЦ) сумесна зь літоўскай Siena і расейскім выданьнем «Хроники.Медиа», пры падтрымцы «Кібэрпартызан» апублікаваў расьсьледаваньне, у якім раскрыў схему паставак тавараў дарагіх брэндаў з Эўропы ў Расею.
Арганізатары схемы, як вынікае з расьсьледаваньня, ня толькі абыходзяць санкцыі ЭЗ і ЗША, але і эканомяць на мытах, заніжаючы кошт тавараў, якія ўвозяцца.
Амаль адразу пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны супраць Украіны кампаніі-уласніцы люксавых марак Christian Dior, Fendi, Louis Vuitton, Gucci, Saint Laurent ды іншых прыпынілі дзейнасьць у Расеі. У сярэдзіне сакавіка 2022-га дадаліся санкцыі ЗША і Эўразьвязу — у РФ забаранілі ўвозіць прадметы раскошы.
Міністэрства гандлю ЗША з 11 сакавіка 2022 года забараніла экспартаваць у Расею і Беларусь адзеньне, абутак, торбы, парфумэрыю і іншыя тавары, цана якіх перавышае $1000 за адзінку. Падобны санкцыйны пакет прыняў і Эўразьвяз, але з больш строгімі правіламі — абмежаваў увоз у Расею тавараў даражэй за €300 за адзінку. Гэтыя забароны шырацца і на асабістыя пакупкі расейцаў за мяжой. А ў чэрвені 2024 года ЭЗ увёў абмежаваньні на экспарт прадметаў раскошы і ў Беларусь.
Аднак у Расею і Беларусь працягваюць дастаўляць модныя заходнія аксэсуары і адзеньне.
Аўтары расьсьледвання зьвярнулі ўвагу на рэкляму фірмы «Белкарга», якая абяцае дастаўку з Эўропы ў Расею «без абмежаваньняў па цане» тавараў люксавых брэндаў. Яны зрабілі «кантрольную закупку», зрабіўшы замову ў кампаніі. У ім былі пералічаныя тавары марак Brunello Cucinelli, Cortigiani, Herno, Fradi і іншых на агульную суму ў 6450 эўра, аднак у замове была пазначаная меншая цана. У выканаўцы праблемы з гэтым ня ўзьнікла.
Цана курткі Balenciaga была пазначана $4, а камізэлька Dolce & Gabbana — $6,5. Такія цэны на гэтыя тавары паказаны ў мытных дакумэнтах беларускай кампаніі, якая дастаўляе брэндавае адзеньне з Эўропы ў Расею.
«Белкарга» выставіла рахунак за дастаўку з Мілана ў Вільню — $130, а з Вільні ў Маскву — $255. Мяркуючы па перапісцы, выніковую суму пасярэднік разьлічвае зыходзячы з вагі грузу, без уліку цаны зьмесьціва. У выніку санкцыйныя абмежаваньні на ўвоз тавараў даражэй за €300 перастаюць працаваць», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.
Расьсьледвальнікі змаглі атрымаць ад крыніцы транспартныя накладныя, у якіх была ўказаная заніжаная цана адзеньня. У выніку імпарцёр недаплачвае мыты і падаткі, што адбіваецца на даходах бюджэтаў Беларусі і Расеі.
Аўтары публікацыі паспрабавалі выявіць, якія кампаніі стаяць за схемай. У выніку яны выйшлі на расейскае ТАА «Паскальтрейд», якое атрымлівае адзеньне зь Беларусі, адпраўшчыкам якога выступае ТАА Гандлёвы дом «Экспортторг», якое раней фігуравала ў расьсьледаваньнях БРЦ. Яго зьвязваюць з былым памочнікам Віктара Лукашэнкі, бізнэсмэнам Аляксандрам Зайцавым. Раней БРЦ публікаваў расьсьледаванне аб удзеле гандлёвага дома ў пастаўках мікрасхем і шын у абыход санкцый.
Цалкам расьсьледаваньне можна прачытаць на сайце БРЦ.
.
Форум