Пра гэта заявіў начальнік Галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Узброеных сілаў Беларусі Ўладзімір Белы.
«У цэнтры ўвагі — рыхтаваньне падразьдзелаў да эксплюатацыі розных тыпаў ударных бесьпілётнікаў і супрацьдзеяньня ўдарным бесьпілётнікам», — цытуе Белага прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.
Паведамляецца, што практычны этап выязной канфэрэнцыі міністэрстваў абароны дзьвюх краін праходзіць на 227-м агульнавайсковым палігоне, што пад Барысавам. Бакі абменьваюцца досьведам арганізацыі і правядзеньня захадаў баявой падрыхтоўкі, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны, якую цытуе Interfax.
Паводле Белага, падрыхтаваны шэраг новых тактычных прыёмаў, якія дазваляюць эфэктыўна супрацьстаяць бесьпілётнікам:
«Усё робіцца ў комплексе, пачынаючы ад выведкі, глушэньня, фізычнага зьнішчэньня бесьпілётнікаў і выкарыстаньня розных фартыфікацыйных і абарончых збудаваньняў», — сказаў ён.
«Сумесная канфэрэнцыя Расеі і Беларусі мае на ўвазе абмен досьведам. Нам ёсьць што прапанаваць расейскім калегам у пляне мэтодык падрыхтоўкі войскаў», — сказаў Белы.
- Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
- На восень 2025 году ўлады Беларусі і Расеі рыхтуюць супольныя маштабныя вучэньні на беларускай тэрыторыі. У кастрычніку летась міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2025» «галоўнай падзеяй», да манэўраў плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.
- 30 студзеня начальнік аб’яднанага штабу (АДКБ) заявіў, што, акрамя манэўраў «Захад-2025», у верасьні на беларускай тэрыторыі павінны прайсьці вучэньні «Ўзаемадзеяньне-2025» — з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня, «Пошук-2025» — зь сіламі і сродкамі выведкі й матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.
- Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
Форум