Як паведамляе «Белстат», сярэдні заробак беларусаў, які ў сакавіку 2025 году складаў 2601,8 рубля, у красавіку вырас да 2613,5 рубля.
Такім чынам, афіцыйная статыстыка зафіксавала нязначны рост за месяц у краіне ў цэлым, але ў рэгіёнах ёсьць адметнасьці.
Так, заробкі ў Менску, якія раней расьлі хутчэй, чым у іншых рэгіёнах, у красавіку ўпалі. Сярэдні заробак у Менску ў красавіку склаў 3499,8 рубля, пры тым, што ў сакавіку ён складаў 3544,7 рубля, што тады перавысіла лютаўскі заробак на 7%.
Прычынай гэтага, як піша «Экономическая газета», стала значнае падзеньне заробкаў у ІТ-сфэры — з 6417,6 да 5921,4 рублёў. Вядома, што пераважная большасьць беларускіх ІТ-кампаніяў сканцэнтраваная менавіта ў Менску. Раней ужо фіксавалі спад заробкаў у гэтай сфэры. Так, у лютым 2025 году заробак у галіне інфармацыі й сувязі зьнізіўся на 137,2 рубля.
У многіх супрацоўнікаў ІТ заробак прывязаны да даляра, на яго зьніжэньне магло паўплываць зьмяншэньне курсу даляра да рубля, якое адбываецца з пачатку году.
Што тычыцца працаўнікоў астатніх рэгіёнаў, там (акрамя Горадзенскай вобласьці) заробкі за апошні месяц нязначна вырасьлі — з 2269,5 да 2357,9 рублёў, «пацягнуўшы» наверх сярэдні заробак па краіне.
Гэты рост заробкаў можна растлумачыць іх нязначным падвышэньнем у сфэрах аховы здароўя і адукацыі. Нязначна, але вырас заробак і ў прамысловасьці — з 2759,1 да 2782,8 рубля.
Форум