Аляксандар Лукашэнка заявіў аб неабходнасьці загадзя прадумаць закупку яблыкаў «з-за неўраджайнага году». Пра гэта ён расказаў у час сустрэчы з старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму Пятром Пархомчыкам, паведамляе БелТА.
Беларусь адчувае дэфіцыт яблыкаў, асабліва ў міжсэзоньні. Паколькі беларускія яблыкі горш захоўваюцца, з красавіка па ліпень даводзіцца закупляць імпартныя. У той жа час урад яшчэ ў верасьні мінулага году паставіў задачу: за два гады цалкам замясьціць імпарт яблыкаў айчыннай прадукцыяй.
Але ў 2025 годзе плян ужо ня выкананы. Афіцыйна ўлады спасылаюцца на прагнозы, маўляў, у іх гаворыцца, што год будзе неўраджайным.
У сувязі з гэтым Лукашэнка даручыў ураду прадумаць закупку яблыкаў, каб «і пакласьці на захоўваньне, і закупіць, магчыма, у міжсэзоне».
Пры гэтым дзяржава субсыдуе вытворцаў садавіны і гародніны. Сёлета ўрад павялічыў фінансаваньне дзяржаўнай праграмы «Аграрны бізнэс» прыкладна на 1 млрд рублёў. Гэтыя грошы ідуць на субсыдыі і будаўніцтва, рэканструкцыю і мадэрнізацыю плодасховішчаў.
Акрамя таго, дзяржпрадпрыемствы або прадпрыемствы з доляй дзяржавы ў капітале больш як 50% атрымліваюць субсыдыі з рэспубліканскага бюджэту на пасадку і добраўпарадкаваньне садоў і ягадных плянтацый.
Грошы будуць выдзяляцца з 2025 па 2040 год у памеры стаўкі рэфінансаваньня Нацбанку на выплату часткі алсоткаў за карыстаньне крэдытамі Банка разьвіцьця.
Форум