Калегія з трох судзьдзяў Міжнароднага гандлёвага суду ЗША заблякавала глябальныя тарыфы Дональда Трампа, якія ён увёў, спасылаючыся на закон аб міжнародных надзвычайных эканамічных паўнамоцтвах (IEEPA).
«Глябальныя і зьвязаныя з імі тарыфныя пагадненьні перавышаюць любыя паўнамоцтвы, нададзеныя прэзыдэнту ў адпаведнасьці з IEEPA, для рэгуляваньня імпарту праз тарыфы», — заявіў суд, спасылаючыся на Закон аб міжнародных надзвычайных эканамічных паўнамоцтвах 1977 году.
Суд заявіў, што Канстытуцыя ЗША дае Кангрэсу выключныя паўнамоцтвы рэгуляваць гандаль зь іншымі краінамі і што гэтыя паўнамоцтвы не падмяняюцца паўнамоцтвамі прэзыдэнта ў абароне эканомікі.
Суд вынес рашэньне на карысьць пастаяннай забароны на тарыфныя пастановы прэзыдэнта, што патэнцыйна можа спыніць дзеяньне глябальных тарыфаў Трампа да таго, як будуць дасягнутыя «ўгоды» з большасьцю гандлёвых партнэраў ЗША. Суд даў 10 дзён на адміністрацыйныя распараджэньні аб «рэалізацыі пастаяннай забароны».
Гэтае рашэньне — значны ўдар па лідэру рэспубліканцаў, які імкнецца перагледзець гандлёвыя адносіны ЗША з усім сьветам, прымусіўшы ўрады сесьці за стол перамоваў з дапамогай новых жорсткіх тарыфаў, піша AFP.
Фінансавыя рынкі сьвету ўзрушыла глябальная гандлёвая вайна Трампа — пэрыядычнае ўвядзеньне мытаў, накіраваных на «пакараньне» эканомік, якія прадаюць Злучаным Штатам больш, чым купляюць.
Трамп сьцьвярджаў, што гандлёвыя дэфіцыты і пагроза, якую нясе прыток наркотыкаў, становяць сабой «надзвычайную сытуацыю ў краіне», якая апраўдвае шырокамаштабныя мыты.
«Прэзыдэнт Трамп паабяцаў паставіць Амэрыку на першае месца, і адміністрацыя імкнецца выкарыстаць усе вагары выканаўчай улады для разьвязаньня гэтага крызісу і аднаўленьня амэрыканскай велічы», — заявіў прэс-сакратар Трампа Куш Дэсаі.
Форум