Адносна буйнога сталічнага забудоўніка, кампаніі «Менскпрамбуд», уведзена часовае вонкавае кіраваньне. Аб гэтым піша выданьне ibMedia з спасылкай на рашэньне Менгарвыканкаму.
Выданьне зазначае, што па законе камэрцыйныя арганізацыі пераходзяць пад вонкавае кіраваньне ў мэтах выключэньня неабгрунтаванага спыненьня іх дзейнасьці, прычыненьня шкоды іх працоўным калектывам, для забесьпячэньня нармальнай бясстратнай работы, калі іх уласьнікамі маёмасьці зьяўляюцца асобы з замежных дзяржаў.
Акцыянэрамі «Менскпрамбуду» значацца шэсьць юрыдычных асобаў і 1030 фізычных, многія зь якіх ёсьць або былі работнікамі прадпрыемства. Сярод акцыянэраў ёсьць і нерэзыдэнты Беларусі.
Паводле зьвестак ibMedia, рашэньне аб увядзеньні вонкавага кіраваньня прынялі на фоне карпаратыўнага канфлікту.
На 26 траўня быў заплянаваны пазачарговы агульны сход акцыянэраў. У прыватнасьці, у плянах было ўзьняць пытаньне аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў генэральнага дырэктара «Менскпрамбуду» Алега Дашкевіча. Галоўным кандыдатам на гэтую пасаду быў заяўлены Андрэй Ласкавец, які зьяўляецца старшынём гадавога агульнага сходу акцыянэраў. Але сход скасавалі.
У структуру ААТ «Менскпрамбуд» уваходзяць 14 прадпрыемстваў: генпадрадныя будаўнічыя арганізацыі, вытворцы будматэрыялаў, праектнае ўпраўленьне, вытворча-маркетынгавы цэнтар, жыльлёва-камунальнае ўпраўленьне, санаторый «Бярэзіна». Па выніках мінулага году выручка «Менскпрамбуду» вырасла да 284,5 млн рублёў, а чысты прыбытак зьнізіўся да 3,9 млн рублёў.
Форум