Натальля Мацкевіч у вялікім інтэрвію Свабодзе распавяла пра тое, як Віктар Бабарыка пераносіў турму, што ён расказваў пра сустрэчу палітвязьняў з Лукашэнкам у СІЗА, як успрыняў учынак Машы Калесьнікавай.
Цалкам інтэрвію з Натальляй Мацкевіч:
Прапануем урывак з гэтага інтэрвію:
— Віктара Дзьмітрыевіча больш за ўсё хваляваў лёс Эдуарда. Бо гэта ўсё ж такі сын, гэта балючае месца, і ён у закладніках. Ён казаў, што, у прынцыпе, ён ужо пажыў, і можа пакласьці сваю частку жыцьця на гэты алтар, каб паказаць, што Беларусь можа быць нармальнай краінай і што трэба рабіць гэтыя спробы. Бо калі ніхто не будзе іх рабіць, тады мы ня можам казаць, што мы вартыя таго, каб жыць добра. Каб нешта было, трэба нешта зрабіць — і ён пагаджаўся з тым, што ягоны кавалак жыцьця менавіта гэтаму і належыць.
За Эдуарда ён вельмі турбаваўся. Казаў: «Ён жа [Эдуард] не абавязаны быў гэта рабіць. Гэта ж мая ідэя. Я, атрымліваецца, падставіў яго ці што?»
Але мы ведалі настрой Эдуарда. Мы казалі [Віктару Дзьмітрыевічу], што мы заўсёды перажываем за дзяцей, але дзеці нашмат мацнейшыя, чым мы думаем пра іх, і яны лягчэй пераносяць нейкія цяжкасьці. Вось такія былі размовы. Гэта было, каб яго падтрымаць, але я і насамрэч так думаю.
Шок першы быў, вядома, калі Віктар Бабарыка трапіў у камэру.
Цяжка яму было пераключыцца з аднаго быту на другі. Калі я першы раз з ім сустрэлася — гэта было ўжо праз два дні пасьля затрыманьня — ён кажа: «Я нармальна сябе адчуваю. Мне б быт наладзіць». Бо перадача яшчэ не прыйшла. Яго паклалі пятым у камэру на гэты пяты «ложак» — гэты драўляны шчыт.
Вось гэта, напэўна, было для яго цяжка. Потым, калі быт наладзіўся, было нічога.
Натальля Мацкевіч падчас сваіх візытаў распавядала Віктару Бабарыку пра тое, што адбываецца на волі.
— Яго ўразіў учынак Машы Калесьнікавай — вось калі мы яму распавялі, як яна сябе павяла. А Максіма [Знака], дарэчы, тады таксама затрымалі з прамежкам у адзін дзень. Мы распавялі яму, як людзі сябе павялі, як яны пайшлі амаль сьвядома — і не амаль, а цалкам сьвядома — у гэтую турму. А гэта ж былі людзі, зусім далёкія ад ідэй нават праваабарончай барацьбы, не тое што палітычнай.
«Я яшчэ мог сумнявацца ў сабе — ці правільна я зрабіў? Можа, варта было застацца ў сваім зручным доме, утульным, і не рыпацца. Але калі Маша такое зрабіла! Гэта ж такі рост!», — адрэагаваў Віктар Бабарыка.
Ён яе ведаў яшчэ па культурных сумесных праектах. «Яна ж спачатку зусім не ўяўляла сабой ніякай палітычнай фігуры. Але калі яна палічыла, што так трэба зрабіць, дык я ўпэўнены, што і я таксама правільна паступіў», — пераказвае яго словы Натальля Мацкевіч.
Форум