Юрыст Павал Сапелка адзначыў, што асуджэньне без прызначэньня пакараньня паводле арт. 79 Крымінальнага кодэксу адносіцца да так званых «іншых захадаў крымінальнай адказнасьці» на ўзор умоўнага асуджэньня і асуджэньня з адтэрмінаваньнем выкананьня пакараньня. Праваабаронцу цытуе тэлеканал «Белсат».
«Гэта не азначае спыненьня крымінальнага пераследу: суд выносіць абвінаваўчы прысуд без прызначэньня пакараньня.
Прадугледжанае ў выпадку вынясеньня такога прысуду прафіляктычнае назіраньне ў дачыненьні чалавека, які дасягнуў пэнсійнага ўзросту, азначае абавязак цягам тэрміну судзімасьці „папярэдне паведамляць органу ўнутраных справаў пра зьмяненьне месца жыхарства, выезд дзеля асабістых справаў у іншую мясцовасьць на тэрмін, большы за адзін месяц, і зьяўляцца ў названы орган на яго выклік у прызначаны тэрмін ды пры неабходнасьці даваць тлумачэньні адносна сваіх паводзінаў і ладу жыцьця“», — кажа юрыст.
Тэрмін судзімасьці ў такім выпадку, паводле Паўла Сапелкі, складае два гады пасьля ўваходу прысуду ў законную сілу.
Перасьлед Ніны Багінскай
78-гадовую актывістку абвінавацілі ў «неаднаразовым парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (арт. 342-2 КК) за адзіночныя пікеты.
Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў зьняволеньня.
У 2024 годзе на Ніну Багінскую тройчы складалі пратаколы ў адміністрацыйных справах аб «парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў». У суме яе аштрафавалі на 7200 рублёў (180 базавых велічыняў).
Вядома, што падчас сьледзтва ў крымінальнай справе Ніну Багінскую некалькі разоў вазілі на псыхіятрычную экспэртызу.
У Ніны Багінскай ужо ня раз вырывалі і забіралі бел-чырвона-белыя сьцягі, зь якімі яна выходзіла на пратэсты.
Форум