Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі прыходзілі да маці былога палітвязьня Судаленкі, пасьля гэтага яе шпіталізавалі ў рэанімацыю


Леанід Судаленка, архіўнае фота
Леанід Судаленка, архіўнае фота

На праваабаронцу Леаніда Судаленку, які жыве за мяжой Беларусі, завялі тры новыя справы паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Маці экс-палітвязьня праваабаронцы Леаніда Судаленкі Сафія Сьцяпанаўна трапіла ў рэанімацыю ў Брагінскі шпіталь, яе забрала хуткая дапамога пасьля візыту сілавікоў.

Яна ўжо трэці дзень дзень у рэанімацыі, мае праблемы з сэрцам, паведаміў Свабодзе Леанід Судаленка.

Пра тое, што да ягонай маці прыходзілі сілавікі, ён расказаў у Facebook.

З словаў Судаленкі, сілавікі прымусілі ягоную маці падпісаць пратакол пра адсутнасьць сына, хоць Судаленка ня жыў у доме бацькоў у Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці «з часоў СССР».

«Яны ведаюць, дзе я, але ж робяць выгляд, што шукаюць. Прыйшлі пакараць 87-гадовую маці за мяне!

І сэрца маці ня вытрымала. Але рэжым гэтага і хацеў, бо так публічна абяцаў замоўца злачынстваў супраць чалавечнасьці! Нават у вязьніцы я бярог маці, не казаў усёй праўды — казаў, што працую за мяжой. Пасьля вызваленьня пасьпеў разьвітацца, але і тады не раскрыў праўды».

Цяпер сілавікі паведамілі маці пра перасьлед сына ў Беларусі і завочныя справы, заведзеныя супраць яго.

Вочны і завочны перасьлед Леаніда Судаленкі

Супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які жыве за мяжой Беларусі, распачатыя тры новыя справы паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

9 красавіка распачалі спэцыяльнае (завочнае) вядзеньне за стварэньне і публікацыю 28 траўня 2024 году відэазапісу «Вясна прыйдзе» на ютуб-канале праваабарончага цэнтру «Вясна», прызнанага ўладамі Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Яшчэ дзьве справы распачатыя 20 і 24 лютага 2025 году за ўдзел у перадачы «Палітбамонд» у 2023 і 2024 гадах на ютуб-канале мэдыярэсурсу 6tv.by (таксама ўключаны ў пералік «экстрэмісцкіх фармаваньняў»).

Раней праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка ад сваякоў даведаўся пра завядзеньне супраць яго крымінальнай справы паводле артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэксу — «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Гэта чарговая справа супраць Леаніда Судаленкі, заведзеная на яго завочна, у эміграцыі.

Праваабаронца сьцьвярджае, што сілавікі парушаюць ягоныя правы, калі перасьледуюць зь Беларусі.

«Жыву ў Літве цалкам на законнай падставе і цяпер гэта справа літоўскага правасудзьдзя, каму я што камэнтую, як сябе паводжу. У літоўцаў да мяне прэтэнзіяў няма, а вось беларускія праваахоўнікі лічаць, што маюць права мяне перасьледаваць за дзейнасьць у Літве. Гэта цалкам незаконна»,— мяркуе Судаленка.

У лістападзе 2021 году Леаніда асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю ў 2023 годзе.

Былы палітвязень эміграваў у Літву, аднак рэпрэсіі супраць яго не спынілі. У 2024 годзе праваабаронцу завочна асудзілі за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» на 5 гадоў калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG