Анарха-партызаны
Летам 2020 году, калі ў Беларусі пачыналіся перадвыбарчыя пратэсты, Сяргей Раманаў жыў ва Ўкраіне. Яму было 30 гадоў, непасрэднага ўдзелу ў падзеях жніўня таго лета Сяргей не прымаў. Аднак ужо ў кастрычніку таго ж году за Раманавым, а таксама ягонымі паплечнікамі Ігарам Аліневічам, Дзьмітрыем Разановічам і Дзьмітрыем Дубоўскім спэцслужбы Беларусі ўчынілі на тэрыторыі Гомельскай вобласьці сапраўднае паляваньне. Скончылася яно затрыманьнем, доўгім тэрмінам у СІЗА, судовым працэсам і выракам Раманаву ў выглядзе 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, Сяргей Раманаў адмовіўся даваць паказаньні і ўдзельнічаць у слуханьнях. Усіх чацьвярых анархістаў абвінавацілі ў «захоўваньні і нашэньні агнястрэльнай зброі» і ў «акце тэрарызму». Беларускія праваахоўнікі паведамлялі, што Раманаў, Аліневіч, Разановіч і Дубоўскі на пачатку восені 2020 году перайшлі ў Беларусь з тэрыторыі Ўкраіны, пасьля чаго ўчынілі некалькі падпалаў будынкаў і аўтамабіляў праваахоўных органаў у Менскай і Гомельскай вобласьцях. Пры сабе падчас гэтага яны нібыта мелі агнястрэльную зброю. Праваабаронцы зважаюць на парушэньні падчас сьледзтва і закрытасьць працэсу, усіх чацьвярых прызналі палітычнымі зьняволенымі. Акрамя Сяргея Раманава, 20 гадоў зьняволеньня атрымаў таксама Ігар Аліневіч. Дубоўскі і Разановіч — 19 і 18 гадоў адпаведна. Як выявілася, для Сяргея Раманава гэты тэрмін быў зусім не канчатковым.
Плюс чатыры з паловай
Вясной 2025 году праваабаронцам стала вядома, што Раманава судзілі паводле 411-га артыкулу Крымінальнага кодэксу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». У чым канкрэтна яно праявілася — невядома. Аднак у выніку анархіста прызналі вінаватым і дадалі да ранейшага тэрміну яшчэ год. Такі працэс для Раманава за няпоўныя пяць гадоў за кратамі, зь якіх у калёніі ён правёў крыху больш за палову, стаў трэцім. Агульны тэрмін зьняволеньня Сяргея Раманава дасягнуў ужо 24 гадоў і 5 месяцаў.
«Гэта адзін з самых працяглых тэрмінаў сярод палітвязняў у Беларусі, — гаворыць у размове з Свабодай праваабаронца цэнтру „Вясна“ Вікторыя Рудзянкова. — 25 гадоў зьняволеньня маюць яшчэ некалькі чалавек, сярод якіх Мікалай Аўтуховіч і Барыс Пухальскі».
Мікалая Аўтуховіча затрымалі празь месяц пасьля затрыманьня групы анархістаў. Яго абвінавацілі паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму», «перамяшчэньне церазь мяжу вайсковай тэхнікі», «змова з мэтай захопу ўлады». Прызналі вінаватым увосень 2022 году, пра новыя суды над Аўтуховічам нічога не вядома. Яго трымаюць ў горадзенскай крытай турме № 1.
Барыса Пухальскага асудзілі ў справе «рэйкавых партызанаў». Паводле інфармацыі беларускіх дзяржаўных СМІ, ён разам з групай, куды ўваходзілі грамадзянін Украіны Іван Ліхалат і беларус Іван Бародзіч, меў зьдзейсьніць выбух на чыгунцы ў Талачынскім раёне. Аб працягу яго тэрміну пакуль таксама нічога невядома, прысуд Пухальскаму вынесьлі ў сьнежні 2024 году.
У выпадку, калі Сяргея Раманава асудзяць паводле 411-га артыкулу яшчэ раз, ён можа атрымаць найдаўжэйшы сярод усіх беларускіх палітвязьняў агульны тэрмін зьняволеньня. Прысуды паводле гэтага артыкулу звычайна складаюць каля году дадатковага пазбаўленьня волі.
Закрытыя працэсы без назіральнікаў і родных
Суды над палітвязьнямі за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі ў Беларусі ня рэдкасьць. Адзін з самых гучных выпадкаў — гісторыя Зьмітра Дашкевіча, якога першы раз асудзілі паводле артыкулу 411 перад самым вызваленьнем, а праз год паўтарылі гэта яшчэ раз.
«Вынясенне прысудаў паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу — гэта адна з формаў працяглага перасьледу і пакараньня за непакору, — расказвае юрыстка „Вясны“ Вікторыя Рудзянкова. — Паводле нашых зьвестак, мінімум 66 беларускіх палітвязняў асуджаныя паводле гэтага артыкулу, 13 зь іх ужо адбылі свае тэрміны».
Як расказваюць праваабаронцы, суды паводле 411-га артыкулу — найгоршая форма судоў у крымінальных справах, якая склалася ў судовай практыцы Беларусі. Усе яны праходзяць у закрытым рэжыме, звычайна на тэрыторыі саміх калёніяў. На працэсы не пускаюць ні назіральнікаў, ні родных саміх зьняволеных. Сьведкамі на такіх судах выступаюць самі супрацоўнікі адміністрацыі калёніі, якія і складаюць рапарты аб непадпарадкаваньні.
Што канкрэтна зрабіў Сяргей Раманаў, каб яго тройчы асудзілі паводле 411-га артыкулу, невядома. З словаў былых палітвязьняў, для гэтага часам можна увогуле нічога не рабіць, бо прадказаць прычыну незадаволенасьці адміністрацыі, калі яна зацікаўленая знайсьці парушэньне, немагчыма. Звычайна ў вязьня проста назапашваюцца дробныя правапарушэньні, якія ў выніку служаць падставай для новага суду.
«Падставай для крымінальнага перасьледу паводле гэтага артыкулу ёсьць так званае „злоснае парушэньне парадку“, а на практыцы гэта — банальнае назапашваньне дысцыплінарных спагнаньняў, — расказвае праваабаронца Вікторыя Рудзянкова. — Закон вызначыў канкрэтныя камбінацыі. Напрыклад, 4 вымовы, 4 няплянавыя дзяжурствы, 3 спагнаньні, адно зь якіх — пазбаўленьне перадачы ці спатканьня. Або 2 спагнаньні, калі адно зь іх — зьмяшчэньне ў ШЫЗА».
Паводле праваабаронцаў, адміністрацыям калёніяў дастаткова сыстэматычна караць чалавека за фармальныя дробязі, і гэта ўжо падстава для крымінальнай справы паводле 411-га артыкулу.
«Гэта сыстэма дубляванага пакараньня, калі за адно і тое ж дзеяньне караюць двойчы, — дадае Вікторыя Рудзянкова. — І сам закон, і практыка яго прымяненьня супярэчаць і нормам міжнароднага права, і нацыянальным прынцыпам справядлівага суду, крымінальнага заканадаўства».
Сяргей Раманаў адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 11 у Ваўкавыску. Вядома, што пасьля чарговага прысуду яго зноў зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу.
Форум