Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША яшчэ 12 траўня заявіла, што тэрмін дзеяньня статусу для афганцаў скончыцца 14 ліпеня, і гэтае рашэньне закране каля 9000-12 000 афганцаў, якія ў цяперашні час легальна пражываюць і працуюць у Злучаных Штатах па гэтай праграме, піша цэнтральная служба Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Аднак праваабарончыя групы і афганскія ўцекачы асудзілі гэтае рашэньне, папярэдзіўшы, што яно ставіць пад пагрозу жыцьцё і ігнаруе рэаліі на месцах.
У сваёй заяве Міністэрства ўнутранай бясьпекі гаворыць, што спыненьне дзеяньня статусу грунтуецца на ягонай ацэнцы таго, што ўмовы ў Афганістане «дастаткова палепшыліся» і больш не адпавядаюць заканадаўчым патрабаваньням да наданьня такога статусу.
У заяве гаворыцца, што сакратарка Міністэрства ўнутранай бясьпекі Крысьці Ноэм таксама вызначыла, што дазвол грамадзянам Афганістану часова заставацца ў Злучаных Штатах «супярэчыць нацыянальным інтарэсам Злучаных Штатаў».
Міністэрства спаслалася на заклапочанасьць нацыянальнай бясьпекай і махлярствам, сьцьвярджаючы, што некаторыя асобы з такім статусам знаходзяцца пад сьледзтвам на прадмет пагрозаў грамадзкай і нацыянальнай бясьпецы.
Але афганцы, якія жывуць у Злучаных Штатах пад статусам часовай абароны, кажуць, што апынуцца ў небясьпецы, калі вернуцца ў Афганістан.
«Гэта праўда, што адносная бясьпека існуе, але ёсьць шмат праблемаў», — сказаў афганец, які пажадаў застацца ананімным, у інтэрвію RFE/RL.
«Зараз былых урадавых салдат арыштоўваюць, выкрадаюць і нават забіваюць», — сказаў мужчына, які жыве ў Тэхасе з сваёй сям’ёй з чатырох чалавек.
Яшчэ адзін грамадзянін Афганістана, які пераехаў у Злучаныя Штаты чатыры гады таму, выказаў падобныя меркаваньні.
Асьцярогі зьвязаныя з драматычнымі зьменамі, якія адбыліся ў Афганістане пасьля вяртаньня талібаў да ўлады ў 2021 годзе. Пасьля вываду войскаў ЗША і NATO талібы захапілі Кабул, зрынуўшы падтрыманы Захадам афганскі ўрад.
З таго часу талібы ўвялі строгае тлумачэньне ісламскага права, скарачаючы правы і свабоды, асабліва для жанчын і дзяўчат, якім цяпер забаронена атрымліваць сярэднюю адукацыю і вялікую частку прафэсій.
Справаздачы ААН і праваабарончых арганізацый задакумэнтавалі шырока распаўсюджаныя парушэньні правоў чалавека, у тым ліку пазасудовыя забойствы, гвалтоўныя зьнікненьні, катаваньні і публічныя пакараньні, асабліва ў дачыненьні былых дзяржаўных чыноўнікаў, супрацоўнікаў службы бясьпекі і дысыдэнтаў.
Калі не ўмяшаецца суд, спыненьне часовага статусу абароны для афганцаў пройдзе ў адпаведнасьці з графікам — у ліпені. Тысячы людзей перад нявызначанай — і патэнцыйна небясьпечнай — будучыняй пад уладай талібаў.
Форум