Як паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», які рэалізуе Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, да кантракту з расейскай арміяй ён жыў у пасёлку Тайцы Гатчынскай акругі Ленінградзкай вобласьці Расеі.
Згодна з інфармацыяй украінскага боку, Сяргей Аляксандравіч Мірончык нарадзіўся 22 ліпеня 1982 году, жанаты. Жонка Кацярына жыве ў Расеі, імаверна, у Санкт-Пецярбургу.
Імя Сяргея Мірончыка было ў раней апублікаваных украінскім праектам «Хачу жыць» сьпісах грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі, але імя па бацьку ў тых сьпісах іншае — Анатолевіч. Ва ўкраінскім праекце не выключаюць, што адбылася памылка.
Свабода пры дапамозе «Кібэрпартызанаў» знайшла грамадзяніна Беларусі Мірончыка Сяргея Аляксандравіча. Яго дата народзінаў супадае з пазначанай украінскім праектам. Гэта чалавек сапраўды мае беларускі пашпарт.
Вядома, што ён нарадзіўся ў вёсцы Лукомль Віцебскай вобласьці.
Зь Беларусі ён мог зьехаць пасьля 2012 году, бо пасьля ў гэтага часу запісаў аб месцах яго працы ў Беларусі няма. Апошні запіс пра працоўнае месца датаваны 29-м верасьня 2012 году — тады Сяргей Мірончык працаваў на прыватным прадпрыемстве «Лукомльрамбуд» («Лукомльремстрой»). Вядома таксама, што на сьнежань 2020 году ў Беларусі ён лічыўся беспрацоўным.
У Беларусі Сяргей Мірончык меў адміністратыўку за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане, а таксама два крымінальныя артыкулы. Першае крымінальнае абвінавачваньне ён атрымаў у 1998 годзе (выглядае, што справу перадалі ў камісію па справах непаўналетніх), а другое ў 1999-м. У другім выпадку яму інкрымінавалі арт. 42, 44-1 УК РБ «Злачынаства, зьдзейсьненае па неасьцярожнасьці», «Давядзеньне да самагубства». Тады Мірончык атрымаў адтэрміноўку на 1,5 гады.
Меў беларускі пашпарт, дзейны да 22.07.2027.
Паводле праекта «Хачу жыць», у Расеі Сяргей Мірончык служыў у падразьдзеле «Шторм V», адным з двух ва Ўзброеных сілах Расеі, якія фармавалі зь зьняволеных ў расейскіх турмах. У згаданым пасёлку Тайцы знаходзяцца тры калёніі — № 2, № 5 і № 6, у якіх адбываюць пакараньне за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. У якой зь іх завэрбавалі Мірончыка і за якія злачынствы яго асудзілі ў Расеі — невядома.
Сёлета 19 траўня Сяргея Мірончыка ўключылі ў базу цэнтру «Міратворац», які з 2014 году зьбірае інфармацыю пра асобаў, датычных да злачынстваў супраць Украіны. Яго ідэнтыфікавалі як «вайсковага злачынцу і замежнага найміта-тэрарыста», датычнага «да генацыду ўкраінскага народу шляхам вядзеньня баявых дзеяньняў супраць цывільнага насельніцтва, цывільных аб’ектаў і аб’ектаў інфраструктуры» і сьвядомага парушэньня дзяржаўнай мяжы Ўкраіны.
Сяргей Мірончык стаў сёмым грамадзянінам Беларусі, які быў ва ўкраінскім палоне і якога перадалі ў межах абмену з Расеяй: у 2020 годзе перадалі Дзьмітрыя Новікава, у 2024-м — Андрэя Герыловіча, Максіма Зязюльчыка і Максіма Запеку, у 2025-м — Дзьмітрыя Ананчыка і Аляксея Чарнышова.
Іншых замежнікаў, якія ваявалі на расейскім баку і цяпер знаходзяцца ва ўкраінскім палоне, Расея не ўключала ў сьпісы для абмену. Беларускія грамадзяне — адзіныя з іншаземных наймітаў, якія вярнуліся з палону.
Цяпер ва ўкраінскім палоне застаюцца яшчэ 7 грамадзян Беларусі:
- Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
- Сяргей Шустаў, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
- Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
- Яўген Камянькоў з Бабруйску нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году. Падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га. У Беларусі абвяшчалі яго вышук у ліпені 2022 году, пасьля таго, як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк зь берасьцейскага Афанасьеўскага манастыра ў Расею.
- Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
- Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
- Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны. Згодна з інфармацыяй беларускай ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
Сваякі яшчэ двух грамадзян Беларусі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, заявілі аб іхным зьнікненьні бязь вестак. Гэта Яўген Ільін і Андрэй Кулага. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога шукалі сваякі, пазьней знайшоўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці.
У перамовах Расеі і Ўкраіны пра абмен палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валеры Сьцепановіч.
Пасьля таго, як украінскія войскі пачалі курскую апэрацыю, абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі.
Расея і Ўкраіна з 23 траўня ў тры этапы на парытэтнай аснове абмянялі па 1 тысячы ваеннапалонных і цывільных асобаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум