Былы кандыдат у прэзідэнты Румыніі Кэлін Джарджэску заявіў, што засяродзіцца на сваёй сям’і, якой патрэбны спакой і здароўе. Пра гэта ён паведаміў у Facebook.
Джарджэску адзначыў, што не зьбіраецца ўзначальваць якую-небудзь палітычную партыю.
«Я вырашыў спыніць свой актыўны ўдзел у палітычным працэсе, улічваючы, што гэты этап сувэрэнітэту, з майго пункту гледжаньня, скончыўся. Хачу падкрэсьліць, што гэты выбар асабісты і не азначае асуджэньня тых, хто працягвае падтрымліваць гэтую справу. Я вырашыў адгэтуль быць пасіўным назіральнікам грамадзкага і сацыяльнага жыцьця», — напісаў ён.
Джарджэску таксама абвясьціў, што ня будзе ўзначальваць ніякай палітычнай партыі і ня будзе ствараць палітычную плятформу.
«Я вырашыў заставацца па-за межамі любой партыйнай структуры, я не зьяўляюся чальцом ніводнай палітычнай партыі, парлямэнцкай ці пазапарлямэнцкай, і ня маю ніякай палітычнай прыналежнасьці. Я вырашыў захоўваць нэўтральную і роўнадыстанцыйную пазыцыю без палітычнай прыналежнасьці. У цяперашняй сытуацыі я не жадаю займаць ніякай пасады ў румынскай дзяржаве», — сказаў Джорджэску.
Заява Кэліна Джорджэску прагучала ў той самы дзень, калі Нікушор Дан склаў прэзыдэнцкую прысягу і ўступіў на пасаду новаабранага прэзідэнта Румыніі.
Прэзыдэнт Румыніі Нікушор Дан заступіў на пасаду ў панядзелак, 26 траўня 2025 года.
Кэлін Джарджэску, вядомы сваімі нацыяналістычнымі і прарасейскімі поглядамі, перамог у першым туры выбараў у лістападзе мінулага года, але вынікі былі ануляваныя з-за абвінавачваньняў у замежным умяшаньні.
Мэр Бухарэсту Нікушор Дан, праэўрапейскі палітык-цэнтрыст, набраў у другім туры 18 траўня амаль 54% галасоў, апярэдзіўшы Джорджэ Сім’ёна, які атрымаў 46%.
Паўторныя прэзыдэнцкія выбары ў Румыніі былі прызначаныя пасьля таго, як у пачатку сьнежня 2024 году Канстытуцыйны суд скасаваў вынікі першага туру ў лістападзе, у якім перамог Келін Джарджэску (уваходзіў у «Альянс за абʼяднаньне румынаў» раней). Суд спаслаўся на інфармацыю аб умяшаньні Расеі ў выбарчую кампанію на карысьць Джарджэску, што Масква і сам былы кандыдат адмаўляюць.
Цяпер Кэлін Джарджэску пад сьледзтвам.
Форум