Сяргею Краўчанку ў 2023 годзе адмовіліся працягнуць дазвол на жыхарства ў Літве і прызналі яго пагрозаю нацыянальнай бясьпецы, бо ён працаваў пажарнікам у Беларусі.
Ён падаў у суд. Разбор доўжыўся амаль два гады, адбыліся тры працэсы, справу двойчы пераглядалі. І нарэшце днямі Сяргей Краўчанка атрымаў статус уцекача. Пра гэта 27 сакавіка паведаміў кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.
Ён таксама падзякаваў тым, хто ўдзельнічаў у зборы грошай на аплату адваката для Сяргея Краўчанкі.
Сяргей Краўчанка — адзін з актыўных удзельнікаў страйкаму на прадпрыемстве «Беларусьнафта» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі. Быў вымушаны ўцякаць ад рэпрэсіяў у Літву. Яму адмовілі ў статусе ўцекача, у той час як ягоная сям’я раней атрымала такі статус у сувязі зь перасьледам Сяргея.
Як апавёў Сяргей Краўчанка, у чэрвені 2023 году ён, як звычайна, падаў заяву на дазвол на жыхарства для ўзьяднаньня зь сям’ёй. Не атрымаўшы адказу ў належны тэрмін, ён прыйшоў у Дэпартамэнт міграцыі Літвы, дзе яму безальтэрнатыўна сказалі падаваць заяву на ўцякацтва. У той жа дзень Сяргея затрымалі на 48 гадзін і паведамілі, што ён ёсьць «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы Літвы». Пасьля гэтага яго вывезьлі ў лягер для ўцекачоў, дзе адбыўся суд. Пасьля суду беларуса адпусьцілі дадому чакаць рашэньня аб запыце на ўцякацтва.
Яшчэ праз паўгода Сяргею прыйшла адмова — рэч у тым, што з 2015 па 2018 год ён працаваў ратавальнікам-пажарнікам. Сяргей Краўчанка з такой фармулёўкай не пагадзіўся і зьвярнуўся ў суд.
«Я нідзе нічога не хаваў аб працы ў МНС, і гэта не лічылі небясьпечным, — расказаў мужчына выданьню «Люстэрка». — Я тушыў пажары, даставаў людзей пасьля ДТЗ. Доступу да сакрэтнай інфармацыі ня меў. На службе змагаўся зь несправядлівасьцю і праз рознагалосьсі з кіраўніцтвам звольніўся. Мяне, напрыклад, абурала, што нам нельга езьдзіць па краіне без дазволу кіраўніцтва, атрымліваць вышэйшую адукацыю ў цывільных ВНУ. Дый стаўленьне да падначаленых у той момант рэзка пагоршылася».
Каб знайсьці неабходныя беларусу для аплаты паслуг адваката 3000 эўра, фонд BySol абʼявіў дабрачынны збор, бо Краўчанка больш за 7 месяцаў ня меў працы. Грошы сабралі менш чым за содні.
Гэта ня першы выпадак
Беларус Віктар Евілін, бацька чатырох дзяцей, які жыве ў Літве, у лютым 2025 году здолеў праз суд давесьці, што не пагражае нацыянальнай бясьпецы гэтай краіны. Такое рашэньне прыняла калегія судзьдзяў Найвышэйшага адміністрацыйнага суду Літвы.
Летась у канцы чэрвеня актывіст з Мар’інай Горкі даведаўся ад Дэпартамэнту міграцыі Літвы, што нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Яму не падоўжылі дзеяньня дазволу на жыхарства, хоць раней праблемащ з гэтым не было. У Літве Віктар з 2020 году. Свабода падрабязна расказвала ягоную гісторыю.
Суд першай інстанцыі ня стаў на бок Віктара і падтрымаў рашэньне Дэпартамэнту міграцыі — не выдаваць дазволу на жыхарства, прызнаць пагрозай нацыянальнай бясьпецы, забараніць уезд у Літву на 30 месяцаў.
Суд вышэйшай інстанцыі гэтае рашэньне скасаваў, стаўшы на бок актывіста. Паводле Віктара, на гэта паўплывала знаходжаньне ўсёй ягонай сям’і ў Літве.
У сваім рашэньні суд абапіраўся на Канвэнцыю аб абароне правоў і свабодаў чалавека, а таксама на практыку Эўрапейскага суду. Гэтая канвэнцыя гарантуе права на павагу да сямейнага жыцьця. Таксама ў рашэньні суду згадваецца, што жонка Віктара і дзеці маюць літоўскія карані. Магчымасьць жа нейкай пагрозы ад яго несувымерная шкодзе, якую наносіць чалавеку разьяднаньне сям’і, гаворыцца ў рашэньні суду.